Жыхарка ўсходняга Кітая адправіла свайго 17-гадовага сына працаваць у вулічную закусачную, каб паказаць яму ўсе нягоды нізкакваліфікаванай працы і пераканаць больш увагі надаваць школьным адзнакам. Юнак папрацаваў дзесяць дзён і кінуў навучанне, паведамляе кітайскае выданне South China Morning Post.
Жанчына, якая сама тры гады прадавала ў вулічным намёце смажаную курыцу, расказала журналістам, што прыдумала гэты план, калі адзнакі яе 17-гадовага сына ў кулінарнай вучэльні пачалі пагаршацца. Калі яна паспрабавала абмеркаваць з ім кепскую паспяховасць, той заявіў, што «больш не хоча вучыцца», бо «гэта бессэнсоўна».
Кітаянка падумала, што яе сын пачне вучыцца больш старанна, калі на сабе адчуе ўсе нягоды дарослага жыцця.
Пад кіраўніцтвам маці юнак паставіў на вуліцы велаларэк са смажанай курыцай і адразу ж прыступіў да працы. Ён пачынаў працу штодня ў 9.00, а заканчваў у сярэдзіне ночы.
За дзесяць дзён хлопец зарабіў 1400 даляраў у эквіваленце. У выніку падлетак вырашыў стаць бізнесоўцам і кінуць кулінарную школу. Мама з яго рашэннем змірылася, піша South China Morning Post.