Іранскі суд асудзіў на турэмнае зняволенне блогера Хасэйна Шанбехзадэ, арыштаванага пасля публікацыі адной кропкі ў адказ на твіт вярхоўнага лідара Ірана аяталы Алі Хаменеі, піша Iran International.
Шанбехзадэ напісаў пост з адной толькі кропкай 2 траўня. Яго твіт забраў больш увагі, чым пост Хаменеі. Пра сваё затрыманне ён паведаміў 4 чэрвеня. Цяпер акаўнт блогера недаступны.
Independent journalist & blogger Hossein Shanbehzadeh has been sentenced to 12 years in prison & fined 50 million tomans.
He was arrested on June 4 after replying to Supreme Leader Ali Khamenei’s tweet with a single «dot,» which garnered more attention than Khamenei’s tweet. pic.twitter.com/kKg5cdGZs6
— IranHumanRights.org (@ICHRI) September 1, 2024
Адвакат актывіста Амір Раісіян абвясціў 31 жніўня, што мужчына асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення па ілжывых абвінавачваннях, якія судовыя органы Ірана звычайна выстаўляюць супраць актывістаў, каб доўга трымаць іх у турме і запалохваць іншых, піша выданне.
Шанбехзадэ асудзілі на пяць гадоў турмы за «праізраільскую прапагандысцкую дзейнасць», на чатыры гады — за «абразу ісламскіх святыняў», на два гады — за «распаўсюд хлусні» ў сацыяльных сетках і на адзін год — за «антырэжымную прапагандысцкую дзейнасць».
Нягледзячы на тое, што яму быў вынесены прысуд, які агулам склаў 12 гадоў пазбаўлення волі, яму трэба будзе адбыць толькі самы доўгі тэрмін — пяць гадоў, растлумачыў Раісіян.
Як кажа адвакат, судовая сістэма не прывяла ніякіх доказаў таго, што абвінавачаны займаўся «праізраільскай прапагандысцкай дзейнасцю». Раісіян кажа, што абвінавачанне яму выставілі на аснове яго «прыватных чатаў».
Што да іншых абвінавачанняў, то Раісіян заявіў, што суд у якасці доказаў спаслаўся на яго падтрымку іншых палітычных зняволеных, негатыўнае выяўленне сітуацыі ў краіне, выкарыстанне хэштэга «Не смяротнаму пакаранню», падтрымку адмены абавязковага нашэння хіджаба, стварэнне негатыўнай атмасферы ў СМІ супраць выбараў у Іране і дэманстрацыю радасці ў сувязі са смерцю былога прэзідэнта Ірана Ібрахіма Раісі.
Адвакат заявіў, што разгледзіць магчымасць абскардзіць прысуд пасля абмеркавання яго са сваім кліентам.
Шанбехзадэ і раней прыцягваў увагу паліцыі і падвяргаўся крымінальнаму пераследу. У 2019 годзе актывіста асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі па абвінавачанні ў абразе святыняў і лідара Ісламскай Рэспублікі.
У Іране наогул часта ціснуць на людзей, якія крытыкуюць уладу. Напрыклад, у траўні гэтага года рэжысёру Махамаду Расулофу суд прызначыў восем гадоў калоніі, лупцоўку, штраф і канфіскацыю маёмасці за фільмы, якія пагражаюць бяспецы дзяржавы. Аднак іранец пазбег пакарання, бо таемна пакінуў краіну.
А 23 траўня гэтага года паведамлялася, што журналістку і фемактывістку курдскага паходжання Жыну Мадарэс Горджы асудзілі на дзевяць гадоў зняволення. Паводле звестак праваабаронцаў, жанчына атрымала тэрмін за «стварэнне падпольнай арганізацыі з мэтай зрынання ўлады», «супрацоўніцтва з варожымі групамі і краінамі», а таксама за «прапаганду супраць урада Ірана».
Як адзначаюць праваабаронцы, у першыя 20 дзён жніўня ў іранскіх турмах у сярэднім кожныя шэсць гадзін пакаралі смерцю аднаго чалавека. Усяго за год павесілі як мінімум 395 чалавек.