Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


У канцы чэрвеня — пачатку ліпеня зноў з’явіліся пагрозлівыя навіны пра магчымы падрыў Запарожскай атамнай электрастанцыі, адной з найбуйнейшых АЭС ва ўсім свеце. Расказваем, чым можа пагражаць выбух на такім маштабным атамным аб’екце, ці можа ён прывесці да новага Чарнобылю або Фукусімы і як адаб’ецца на Беларусі, якая адзін раз ужо перанесла найцяжэйшыя наступствы падобнай катастрофы.

Што адбываецца

Пра тое, што Запароская атамная электрастанцыя, захопленая расійскімі войскамі яшчэ вясной 2022 года, можа быць падарваная, казалі ледзь не з моманту заняцця аб’екта расіянамі. Улетку 2022 года станцыю пачалі абстрэльваць, што прывяло да пажараў — тады расіяне і ўкраінцы абвінавачвалі ў адкрыцці агню па атамным аб’екце адно аднаго. 8 і 12 красавіка 2023 года, як заявіў генеральны дырэктар Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэль Гросі, побач з аб’ектам адбыліся два выбухі — як мяркуецца, мінаў.

Запорожская АЭС. Фото: energoatom.com.ua
Запарожская АЭС. Фота: energoatom.com.ua

Перыядычна на АЭС перастае паступаць электрычнасць, што таксама пагражае негатыўнымі наступствамі — так, 22 траўня ўкраінскія атамшчыкі паведамілі пра сёмы з пачатку вайны блэкаўт. У канцы траўня пра намер праціўніка пашкодзіць або знішчыць атамную станцыю практычна адначасова паведамілі Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны і прарасійскі кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожжа Уладзімір Рогаў.

Аднак у чэрвені ўсё змянілася кардынальна. Падрыў і знішчэнне дамбы Кахоўскай ГЭС прывялі да фактычнага знікнення размешчанага вышэй па плыні Дняпра вялізнага вадасховішча. А Запарожская атамная электрастанцыя мае пастаянную патрэбу ў велізарных аб’ёмах вады — яна выкарыстоўваецца ў рэактарах і ў якасці запавольвальніка, і ў якасці цепланосьбіта.

Запорожская АЭС в Энергодаре на берегу Каховского моря. Скриншот Google Maps
Запарожская АЭС у Энергадары на беразе Кахоўскага вадасховішча. Відаць вялікая сажалка, што выкарыстоўваецца для забору вады. Скрыншот Google Maps

Адсутнасць магчымасці папаўнення вадой пырскальных басейнаў (частка ахаладжальных сістэм аб’екта) прывяло да таго, што ўжо 9 чэрвеня Дзяржінспекцыя ядзернага рэгулявання Украіны абвясціла пра пераход апошняга дзейнага энергаблока ЗАЭС у рэжым «халоднага супыну», пры якім атамны рэактар заглушаны (астатнія пяць энергаблокаў станцыі былі пераведзеныя ў гэты рэжым яшчэ раней).

20 чэрвеня кіраўнік Украінскай разведкі Кірыл Буданаў заявіў, што расійскі бок рыхтуе падрыў сажалкі-ахаладжальніка ЗАЭС. А 4 ліпеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце паведаміў, што расійскія вайскоўцы размяшчаюць на даху энергаблокаў аб’екта прадметы, падобныя да выбухоўкі. Напружанасць вакол магчымага выбуху АЭС і яго наступстваў зноў вырасла.

Ні Чарнобылю, ні Фукусімы?

Адразу варта агаварыцца, што ядзернага выбуху не будзе — іх наогул не бывае пры катастрофах на АЭС. І Чарнобыль-1986, і Фукусіма-2011 не суправаджаліся ядзернымі выбухамі. Не будзе і паўтарэння трагедыі 1986 года — шмат у чым таму, што ўрокі выбуху на Чарнобыльскай АЭС улічаныя. На ЗАЭС выкарыстоўваецца зусім іншы тып атамнага рэактара, ВВЭР-1000 (дарэчы, самы распаўсюджаны ў свеце). У адрозненне ад канальных рэактараў РБМК, якія стаялі на ЧАЭС, на ЗАЭС радыеактыўныя рэчывы не выходзяць за межы ўласна рэактарнага аддзялення. ВВЭР-1000 наогул не ўтрымлівае графітавых камплектавальнікаў — у той час як гарэнне цягам тыдня каля 2 тысяч тон графіту ў Чарнобылі павялічыла выкід радыеактыўных рэчываў, пісаў яшчэ ў снежні мінулага года фізік-ядзершчык Дзмітрый Гарчакоў.

Вертолет на фоне Чернобыльской АЭС, апрель 1986 года. На заднем плане виден разрушенный 4-й энергоблок станции. Фото: Reuters
Верталёт на фоне Чарнобыльскай АЭС, красавік 1986 года. На заднім плане відаць разбураны 4-ы энергаблок станцыі. Фота: Reuters

На выпадак непрадбачаных абставінаў рэактары Запарожскай АЭС маюць трывалы сталёвы корпус, разлічаны на значны ціск у 150 атмасфер (якраз пад такім ціскам знаходзіцца вада, якая цыркулюе ўнутры). Таксама рэактарнае аддзяленне ВВЭР-1000 герметычна закрытае з усіх бакоў 120-сантыметровай абалонкай з бетону — так званым кантэйнментам. Такія з’явіліся ў 1980-х гадах, на папярэдніх мадэлях, уключаючы «чарнобыльскія» рэактары РБМК, кантэйнменты не ўсталёўваліся.

Калі ўнутры рэактара адбудзецца разгерметызацыя, і вада, якая цыркулюе ў ім, выпарыцца, бетонны «саркафаг» якраз і мусіць утрымаць радыеактыўную пару. Безумоўна, кантэйнмент не ёсць абсалютна трывалым целам і можа быць прабіты падрывам зараду выбухоўкі, бомбай або снарадам. Часта згадваюць, што трываласці абалонкі хопіць, каб вытрымаць падзенне самалёта — аднак гаворка ідзе пра лёгкія машыны да шасці тон масай (сучасныя мадэлі, і вайсковыя, і цывільныя, у некалькі разоў цяжэйшыя).

Зрэшты, само па сабе прабіццё бетоннага кантэйнмента без адначасовага пашкоджання рэактара да негатыўных сцэнараў не прывядзе — як і пашкоджанне рэактара без прабіцця кантэйнера (у гэтым выпадку радыеактыўная пара распаўсюдзіцца па аб’ёме, абмежаванаму бетоннай абалонкай, і далей не пойдзе). Сур’ёзна разбурыць гэтую сістэму можна толькі доўгім абстрэлам або мэтаскіраваным падрывам.

Аднак акрамя «чарнобыльскага» сцэнара ёсць і «фукусімскі» — калі для астуджэння ядзернага паліва (гэта трэба рабіць нават пасля спынення рэактара) не хапае электрычнасці. У гэтым выпадку паліва, якое вытрымліваюць ў спецыяльных басейнах, пачынае награвацца, потым разбураецца і можа расплавіцца. У Фукусіме гэта пагаршалася вылучэннем вадароду з вады праз спецыфічную хімічную рэакцыю (яе называюць парацырконіевай). Вадарод у сумесі з паветрам — вельмі выбуханебяспечны, і менавіта ён выбухнуў на японскай АЭС, прывёўшы да значнага выкіду радыеактыўных ізатопаў у атмасферу.

Аднак украінскія атамшчыкі аператыўна адрэагавалі і на фукусімскую катастрофу. Пасля таго выпадку станцыя зазнала мадэрнізацыю, падчас якой была ўсталяваная сістэма выдалення вадароду — так званыя рэкамбінатары. Гэтыя ўстаноўкі забяспечваюць пераўтварэнне выбухованебяспечнага газу назад у ваду, не даючы яму назапашвацца ў рэактары. Дзмітрый Гарчакоў адзначаў, што рэкамбінатары для сваёй працы не патрабуюць электраэнергіі, так што абясточванне станцыі ім не страшнае.

Нарэшце, небяспекай пагражае падрыў або абстрэл сухога сховішча адпрацаванага ядзернага паліва (ССАЯП). Раней яно вывозілася ў Расію, але ўжо шмат гадоў радыеактыўныя адходы ЗАЭС захоўваюцца проста на тэрыторыі станцыі. Пасля выгрузкі з рэактара паліва змяшчаецца ў асаблівыя бетонныя кантэйнеры і захоўваецца на адкрытай пляцоўцы — усяго, як піша Дзмітрый Гарчакоў, іх каля 170 з прыблізна дзвюма тысячамі тон адходаў.

Фото: Reuters
Вайсковец каля кантраляванай Расіяй Запарожскай АЭС пасля прыбыцця экспертнай місіі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) падчас украінска-расійскага канфлікту, горад Энергадар Запарожскай вобласці, Украіна, 1 верасня 2022 года. Фота: Reuters

Кантэйнеры ССАЯП досыць трывалыя (таўшчыня бетонных сцен — да 70 сантыметраў). Аднак абстрэлу яны, безумоўна, не вытрымаюць — беларускі навуковец Сяргей Бесараб нават рабіў разлікі, і, згодна з імі, нават звычайны аскепкава-фугасны снарад самага папулярнага ў былым СССР калібра 152 міліметры лёгка можа разбурыць такую бетонную «бочку». Дзмітрый Гарчакоў згодны з ім, аднак адзначае, што ўнутры кантэйнераў няма самых небяспечных для навакольных кампанентаў — гаручых матэрыялаў, вадкасцяў пад ціскам і кароткачасовых лятучых элементаў. Таму нават пры іх разбурэнні найбольш імаверным наступствам будзе роскід цвёрдых і цяжкіх кампанентаў паліва паблізу станцыі.

Дык што, сур’ёзнай небяспекі няма?

Гледзячы што лічыць сур’ёзнай небяспекай. Сапраўды, катастрофы ўзроўню Чарнобыльскай, улічваючы канструкцыю і стан станцыі, не чакаецца. Спецыяліст па атамнай энергетыцы, былы супрацоўнік Запарожскай і Чарнобыльскай атамных электрастанцый Аляксандр Купны лічыць, што нават у выпадку рэальнага размяшчэння падрыўных зарадаў на тэрыторыі АЭС глабальнай катастрофы не здарыцца. У сваім нядаўнім відэа на гэтую тэму ён адзначыў, што ўсё роўна, якую частку станцыі могуць замініраваць: сажалку-ахаладжальнік, яго дамбу, першы контур рэактара або машынную залу.

Наступствы імавернага выбуху ён апісаў як радыёактыўнае забруджванне найбліжэйшых вёсак, магчымую эвакуацыю горада Энергадара і Каменска-Дняпроўскага раёна (усе гэтыя паселішчы размешчаныя вакол ужо былога Кахоўскага вадасховішча параўнальна недалёка ад станцыі). Атамшчык таксама адзначыў, што масавага трапляння радыеактыўных рэчываў у вадаём цяпер можна асцерагацца менш, чым раней — са знікненнем Кахоўскага вадасховішча вакол амаль не засталося вады.

Прорыв плотины Каховской ГЭС, Новая Каховка, Херсонская область, 6 июня 2023 года. Фото: Reuters
Прарыў плаціны Кахоўскай ГЭС, Новая Кахоўка, Херсонская вобласць, 6 чэрвеня 2023 года. Фота: Reuters

Сяргей Бесараб лічыць, што мініраванне спыненых блокаў не выглядае праўдападобным. «Гэта страшылкі для сучасных дзяцей», — піша навуковец у сваім тэлеграм-канале. І нават пры найгоршым сцэнары — калі зарады сапраўды існуюць і яны адначасова здэтануюць, прабіўшы канфайнмент і сталёвую абалонку рэактара, усе радыеактыўныя адкіды застануцца ўнутры тэрыторыі станцыі і не створаць праблем для людзей па-за ёй. Больш за тое, адзначае навуковец, імавернасць парагазавага выбуху ў выпадку парушэння астуджэння рэактара цяпер меншая, чым да разбурэння дамбы Кахоўскай ГЭС, бо паверхневыя воды пайшлі ўглыб.

Сваю мадэль магчымых негатыўных наступстваў катастрофы на ЗАЭС прадставіў прафесар фізіка-тэхнічнага інстытута КПІ імя Сікорскага Іван Кавалец. Згодна з ёй, пры найгоршым сцэнары далёкасць роскіду радыеактыўных ападкаў можа скласці да 540 кіламетраў (гэта не радыус гарантаванага паражэння, а максімальная адлегласць, на якую паветраныя патокі могуць панесці шкодныя рэчывы з ЗАЭС, кірунак залежыць ад таго, куды падзьме вецер).

Паводле яго словаў, у гэтым выпадку давядзецца эвакуяваць насельніцтва ў радыусе да 20 кіламетраў ад станцыі, пры гэтым не спатрэбіцца нават ёднай прафілактыкі (заўважым: пра тое, што мае які-кольвек сэнс прымаць цяпер ёд, не кажа ніхто з экспертаў).

Пры гэтым Іван Кавалец адзначае, што на ўвазе маецца менавіта найгоршы сцэнар, калі выбух на станцыі адбыўся і радыеактыўныя элементы масава трапілі ў атмасферу (мы ўжо пісалі, што гэта малаімаверна).

Важны момант: пасля знікнення Кахоўскага вадасховішча ў ЗАЭС знікла асноўная крыніца вады — у той час як рэактары нават у непрацоўным стане патрабуюць вадзянога астуджэння. Сяргей Бесараб апублікаваў падлікі, згодна з якімі сажалка-ахаладжальнік змялее да ўзроўню ракі Днепр за тры з лішнім гады. А Дзмітрый Гарчакоў, які падрыхтаваў прэзентацыю пра наступствы падрыву дамбы Кахоўскай ГЭС для Запарожскай атамнай электрастанцыі, прадставіў некалькі альтэрнатыўных варыянтаў сілкавання аб’екта вадой (праз старое рэчышча Дняпра, свідравіны, грунтавыя воды і гэтак далей).

Аднак усё вышэйпералічанае датычыць толькі глабальнай тэхнагеннай катастрофы, якая, як вынікае з меркаванняў экспертаў, падаецца малаімавернай. Але нават калі выбух будзе лакалізаваны ў межах рэактара або рэактараў, гэта зробіць будучыню электрастанцыі цьмянай. Аляксандр Купны адзначае, што дэзактываваць блокі, якія пачнуць «фаніць» пасля выкіду радыеактыўных рэчываў будзе неймаверна дорага і параўнальна з будаўніцтвам новых станцый. У свой час гэта ўдалося зрабіць у Чарнобылі — але ў СССР прывыклі не лічыць грошай (а яшчэ мелі велізарныя дармовыя рэзервы «работнікаў» у Савецкай арміі).

Монтаж корпуса одного из реакторов ВВЭР-1000 на Балаковской ГЭС. На ЗАЭС стоят такие же, и они значительно безопаснее, чем реакторы в Чернобыле и Фукусиме. Фото: The Centre of the Public Information Balakovo NPP, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Мантаж корпуса аднаго з рэактараў ВВЭР-1000 на Балакоўскай ГЭС. На ЗАЭС стаяць такія ж, і яны значна бяспечнейшыя, чым рэактары ў Чарнобылі і Фукусіме. Фота: The Centre of the Public Information Balakovo NPP, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org

Купны мяркуе, што сам факт вывядзення ЗАЭС з народнай гаспадаркі Украіны можа быць сапраўднай мэтай акупантаў — незалежна ад уздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пра тое ж кажа і Сяргей Бесараб. «У найгоршым раскладзе з рэкультывацыяй тэрыторый — гэта сотні мільёнаў даляраў выдаткаў. Ну і на адэскія бычкі з Чорнага мора таксама можна будзе забыцца», — піша беларускі навуковец.

Словам, можна рэзюмаваць наступнае:

  • дзякуючы больш дасканалай, чым у Чарнобылі і Фукусіме, канструкцыі рэактараў выбух на Запарожскай АЭС значна менш імаверны, і нават абвальванне дамбы Кахоўскай ГЭС не зрабіла сітуацыю крытычнай;
  • у выпадку, калі выбух усё ж адбудзецца, тэхнагенная катастрофа будзе насіць лакальны характар і закране ў першую чаргу паўднёва-ўсходнюю частку Украіны. Беларусь і іншыя краіны выкіды, хутчэй за ўсё, не закрануць;
  • спецыялісты мяркуюць, што нашмат горшымі могуць быць эканамічныя наступствы для Украіны: ад забруджвання навакольных глебаў да немагчымасці нават пасля вайны ўвесці ў строй Запарожскую АЭС без каласальных капіталаўкладанняў.

Аднак усё гэта будзе актуальным толькі калі найгоршыя сцэнары пацвердзяцца. Пакуль прыкметаў гэтага няма: так, ужо 6 ліпеня Кірыл Буданаў заявіў пра зніжэнне пагрозы дыверсіі на найбуйнейшай АЭС Украіны. Застаецца спадзявацца, што катастрофы не адбудзецца зусім і ўсе выкладкі так і застануцца тэорыяй.

Чытайце таксама