Камандуючым Аб’яднанай групоўкай расійскіх войскаў ва Украіне прызначаны начальнік Генштаба РФ Валерый Герасімаў. Як паведамляе Мінабароны РФ, адпаведны ўказ падпісаў Сяргей Шайгу.
«Павышэнне ўзроўню кіраўніцтва Спецыяльнай ваеннай аперацыяй звязанае з пашырэннем маштабу вырашаных падчас яе правядзення задач, неабходнасцю арганізацыі больш цеснага ўзаемадзеяння паміж відамі і родамі войскаў Узброеных сіл, а таксама павышэннем якасці ўсіх відаў забяспечання і эфектыўнасці кіравання групоўкамі войскаў (сіл)», — заявілі ў Мінабароны РФ
Намеснікамі Герасімава прызначаныя галоўнакамандуючы Паветрана-касмічнымі сіламі генерал арміі Сяргей Суравікін (раней ён займаў пасаду камандуючага Аб’яднанай групоўкай войскаў), галоўнакамандуючы Сухапутнымі войскамі генерал арміі Алег Салюкоў, а таксама намеснік начальніка Генеральнага штаба УС РФ генерал-палкоўнік Аляксей Кім.
Пуцін прызначыў Герасімава начальнікам Генеральнага штаба Узброеных сіл — першым намеснікам міністра абароны Расійскай Федэрацыі ў 2012 годзе.
Пасля ўварвання Расіі ва Украіну Герасімаў з’явіўся ў публічнай прасторы толькі праз 10 месяцаў. 22 снежня на брыфінгу перад ваеннымі аташэ замежных дзяржаваў ён заявіў, што Крэмль не планаваў урывацца ва Украіну, але тая «пры непасрэднай падтрымцы заходніх краін трансфармавалася ў вельмі варожую Расіі дзяржаву».
У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны выказалі здагадку, што Крэмль, імаверна, спрабуе прадставіць Герасімава як яшчэ адну постаць, адказную за зацягванне вайны, заручыцца падтрымкай насельніцтва і ўваскрэсіць ранейшыя наратывы пра «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю» Украіны.