Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Зноў даражэе аўтамабільнае паліва. Але ёсць і ўмоўна пазітыўная навіна, якая можа спадабацца кіроўцам
  2. Праваабаронцы: У Беларусі — масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па «справе Гаюна»
  3. BYSOL заявіў пра новыя рызыкі для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія ездзілі і ездзяць у Беларусь. Даведаліся падрабязнасці
  4. Банкі ўкараняюць новаўвядзенні для ўкладаў: адны з іх могуць спадабацца кліентам, іншыя — не вельмі
  5. Качанава выказалася пра павышэнне пенсій. Тым часам Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выхваляецца, што купаецца ў грашах
  6. Стала вядома, чым цяпер займаецца экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала
  7. BYSOL: У сілавікоў новая тактыка для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія вяртаюцца ў Беларусь
  8. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  9. Эксперты проанализировали последние заявления МИД РФ и Шойгу, который назвал западных миротворцев «законными целями» — вот их выводы
  10. У беларусов появилось новое экзотическое направление, куда не нужна виза. Узнали, как там с ценами и пляжным отдыхом
  11. «Мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна». Трамп прызначыў Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў ЗША
  12. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
Читать по-русски


Ночка — 40-гадовая рудавалосая добраахвотніца палка Каліноўскага, жыццярадасная і таварыская жанчына са звонкім голасам. Але раптоўнага званка ад яе не хацеў бы пачуць ніхто з блізкіх байцоў. Фарміраванне ўжо страціла 23 чалавекі, і сем’ям многіх з гэтых людзей пра іх смерць паведамляла менавіта яна. Звязвацца з кантактамі загінулых — частка працы Ночкі. Яна ж часта падтрымлівае сваякоў добраахвотнікаў, пакуль тыя едуць на пахаванне ва Украіну, застаецца з імі ў кантакце і пасля. Як гэта — быць «анёлам смерці» і прыносіць людзям кепскія навіны, чуць у тэлефоннай трубцы слёзы, а часам і адмову паверыць у тое, што здарылася? Пра гэта з Ночкай пагаварыла «Люстэрка».

Дабраахвотніца палка Каліноўскага з пазыўным Ночка, Украіна, 2024 год. Фота: прэс-служба палка
Добраахвотніца палка Каліноўскага з пазыўным Ночка, Украіна, 2024 год. Фота: прэс-служба палка

«Калі гэтыя людзі не апускаюць рукі, як я магу?»

— Колькі ты ўжо працуеш з роднымі загінулых каліноўцаў?

— Першы раз, калі ў нас адбылася чарговая трагедыя і за гэта ўзялася я — 26 чэрвеня 2022 года, калі загінулі Брэст і хлопцы. Гэта была мая ініцыятыва.

26 чэрвеня 2022 года пад Лісічанскам Данецкай вобласці загінулі камандзір батальёна «Волат» Іван Брэст Марчук, Васіль Сябро Парфянкоў, Васіль Атам Грудовік і Вадзім Папік Шатроў, якія ваявалі ў палку Каліноўскага. Яшчэ двое байцоў — Ян Тромблі Дзюрбейка і Сяргей Клешч Дзягцёў — трапілі ў палон.

Як патлумачыць… Такія рэчы ўсім вельмі цяжка даюцца. Не хачу перабольшваць сваю ролю, але мне падавалася, што я гэта магу, знайду неабходныя словы. Плюс камандаванне вырашыла: акей, можна давяраць. Ну і больш ахвочых не было (смяецца). Яшчэ я разумела, што трэба не проста паведамляць блізкім загінулых і на гэтым ўсё — трэба людзей эмацыйна падтрымліваць. Напэўна, нейкая мая эмпатычнасць адыграла ролю. А чаму я так позна ў гэта ўключылася? Бо далучылася да палка толькі ў траўні.

Цяпер я суправаджаю людзей эмацыйна, калі яны прыязджаюць на пахаванне, недзе — нават лагістычна. Бо ў іх гора, яны не мусяць думаць, куды ім ехаць, што рабіць, — мы павінныя гэты іх камфорт узяць на сябе. А як па-іншаму? Мы страцілі частку нашай сям'і, байца, але да нас едзе другая другая частка сям'і — яго блізкія. Гэта ўспрымаецца менавіта так. Ёсць каманда, якая займаецца гэтым, — нехта тэхнічную, нехта дакументальную частку робіць, а я вось бяру на сябе маральна-псіхалагічную.

— Раскажы пра той выпадак, калі вы страцілі адразу чатырох байцоў — Брэста, Сябра, Папіка і Атама. Яшчэ двое трапілі ў палон. Як ты сябе адчувала, калі трэба было правесці некалькі настолькі цяжкіх размоваў?

— Я там была не адна, бо такая колькасць людзей на аднаго чалавека — проста непад’ёмна. Мне дапамагалі. Асабіста я паведамляла сем’ям Папіка, Сябра і хлопцаў, якія трапілі ў палон. Гэта быў мой першы раз, таму я спачатку звязалася з вайсковым псіхолагам, каб параіцца. Спытала, ці ёсць яшчэ нейкія прыёмы, каб нешта зрабіць для людзей, а не проста ў лоб і стандартным «прыміце нашыя спачуванні».

Я тады не ведала, як людзі будуць рэагаваць, могуць жа быць самыя розныя эмоцыі: ад «вы ў гэтым вінаватыя» да маўчання, істэрык — чаго заўгодна. Жонка Сябра (Алена Гергель, украінская валанцёрка, з нядаўняга часу служыць ва УСУ. — Заўв. рэд.) — вельмі, вельмі моцная жанчына. Са стрыжнем. Яна разумела, дзе ён. Яны разам даўно, знаёмыя з часоў АТА (антытэрарыстычная аперацыя на ўсходзе Украіны з 2014 года. — Заўв. рэд.), яна ведала, што ён і тады ўдзельнічаў у вайне. І прыняла, што пайшоў зноў на гэтую вайну. Яны прагаворвалі, што можа адбыцца такая сітуацыя. Вядома, ты да гэтага ніколі не гатовы, але тут ужо па-іншаму. Таму ёй паведаміць было проста. Для яе, для дзяцей гэта гора, вялікае гора дагэтуль. Але яна вельмі мужна прыняла навіну і нясе памяць пра мужа з гонарам. Мы дагэтуль на сувязі, яна проста малайчына.

Другі выпадак быў складаны. У блізкіх Папіка было нежаданне прымаць, што ён дакладна загінуў. Яно доўжылася пэўны час, і гаворка не пра дні. Асэнсаванне (здымкі з расійскіх Z-паблікаў пацвярджаюць, што мужа і бацькі няма сапраўды) вельмі цяжка прыходзіла. Мы не хацелі гэтыя здымкі паказваць да апошняга: блін, ракурсы, з якіх людзей здымае вораг, — гэта не для слабых нервамі, скажам так. Для цябе гэта героі, а для іх — трафей, як на паляванні. Ну і там не відаць яго твару, але хлопцы, якія былі з ім на задачы, пацвердзілі, што там яго форма, некаторыя прыкметы таго месца. Вось неяк трэба было, каб чалавек успрыняў сітуацыю, таму давялося паказаць здымкі. Але там таксама цудоўная сям’я. Не скажаш, што яны добра спраўляюцца, але мужна. Ну, і ў Папіка дагэтуль статус зніклага без звестак, таму гэтая гісторыя ўжо прынятая, але не скончылася. Гэта ж яшчэ складана, што хочацца развітацца з чалавекам, правесці яго з гонарам, а тут не можаш гэтага зрабіць.

Але тады я, напэўна, не так глыбока ўсё праз сябе прапусціла, бо самае цяжкае для мяне было паведаміць пра палон. Бо людзі ў той момант былі ў Беларусі, і мне трэба было, каб яны адтуль з’ехалі. Мы ж усе разумелі, чым гэта для іх скончыцца: зацягаюць па ўсіх структурах, якіх толькі можна, прапаганда скарыстаецца іх станам. Вось там было складана патлумачыць, што так, ваш родны ў палоне, гэта цяжкая навіна, але вы цяпер у небяспецы і трэба паклапаціцца пра сябе.

— Што вы ім казалі?

— Была вельмі хуткая размова, бо я не змагла знайсці іх ні ў якіх мэсэнджарах і мусіла званіць на мабільны. Званок з Украіны — ужо для іх небяспечна. Але выхаду не было. Таму я паведаміла, што трэба зрабіць. І ў той момант нават не ўцяміла, ці зразумелі яны мяне. Перажывала яшчэ вельмі доўга. І калі праз тыдзень людзі выйшлі на сувязь і сказалі, што з’ехалі дзякуючы майму званку — відаць, толькі тады выдыхнула. Толькі тады мы змаглі прагаварыць усю сітуацыю. Я вельмі радая, што адбылося так, як было запланавана. І ўдзячная богу, што яны цяпер у бяспецы. Мы дагэтуль на сувязі.

А статус палоннага, як і зніклага без вестак, — напэўна, самы цяжкі. Як бы гэта ні гучала, але калі чалавек загінуў і ты змог з ім развітацца, у цябе пэўная кропка ўсё ж пастаўленая, далей з іншымі эмоцыямі спраўляешся — з сабой працуеш, прымаеш гэта. А калі ты ў падвешаным стане, нічога не ведаеш і гэта доўжыцца шмат часу (як у нас цяпер, на жаль, адбываецца) — гэта вельмі складаная гісторыя. І тое, як родныя трымаюцца, мяне вельмі натхняе: калі яны не апускаюць рукі, як я магу? Сур’ёзна, я захапляюся тым, як гэтыя людзі праходзяць праз усё.

— У вас на гэты момант двое палонных, пра іх дагэтуль няма інфармацыі?

— Так, на жаль. Расійскі бок увогуле не дадае іх у спісы як палонных, таму мы нават не ведаем, дзе яны. Апошні раз інфармацыя была ў кастрычніку 2022 года. Вярнуўся з палону чалавек, які бачыў іх у нейкім пункце ператрымкі. Ён нават не мог назваць гэты пункт, бо іх увесь час, кожны месяц, перакідвалі з месца на месца. Нядаўна Маскоўскі суд вынес завочны прысуд Тромблі (палоннага дабраахвотніка завочна арыштавалі рашэннем расійскага суддзі, пра гэта стала вядома ў канцы ліпеня 2024-га. — Заўв. рэд.). Але гэта таксама ніякай інфармацыі нам дакладнай не дае. Толькі ўсім вядома, што палонных у РФ катуюць. Пасля таго як убачыў стан тых, хто вяртаецца, няма ілюзій, што там «санаторый». Умовы максімальна цяжкія, нечалавечыя, проста таму што яны [расіяне] так могуць.

Освобожденные из российского плена украинские военнопленные. Фото: t.me/hochu_zhyt
Шакавальныя кадры: як выглядае ўкраінец пасля двух гадоў у расійскім палоне

«Кажу: «Чувакі, мне будзе кабзда, мне патрэбная дапамога»

— Што вы адчуваеце цяпер, калі тэлефануеце людзям, каб паведаміць пра смерць іх роднага чалавека?

— Гэта не стала чымсьці шараговым. Кожны раз як першы. Я так і не прызвычаілася да гэтага і ніколі, напэўна, не прызвычаюся, бо не магу. Кожны раз спачатку пражываю гэта некалькі гадзін у сабе, каб сабрацца з думкамі, і толькі потым звязваюся. Калі мне кажуць, што хтосьці з нашых — «двухсоты», гэта цяжка, балюча. А калі гэта чалавек, якога я блізка ведала — увогуле цяжкая гісторыя. Вось зноў жа, тады, у траўні 2023-га, я ўпершыню плакала. Там быў хлопец, смерць якога мне было вельмі цяжка прыняць. Я не кажу, што нехта проста даецца — не, усе смерці цяжкія. Але там быў такі светлы чалавек! Тады і асабістае стаўленне, і тое, што нашых загінулых было пяцёра, мяне моцна паламала і выбіла надоўга. Я аднаўлялася месяцы тры.

Пахаванне беларускага дабраахвотніка батальёна "Волат" палка Каліноўскага, 2 жніўня 2023 года, Кіеў. Фота: прэс-служба палка
Пахаванне беларускага добраахвотніка батальёна «Волат» палка Каліноўскага, 2 жніўня 2023 года, Кіеў. Фота: прэс-служба палка

Відаць, я таксама стамілася. Спачатку яшчэ ішло не так шмат людзей, было неяк лягчэй, а цяпер у мяне вялікая картатэка тых, каму я больш не магу патэлефанаваць. Гэта накладае адбітак. І калі зноў гэта трапляецца, трэба зрабіць тое, чаго я не хачу. Але трэба. Я ўсё разумею, ведаю як, але проста не хачу.

Мне яшчэ вельмі баліць праблема з выплатамі сем’ям загінулых. Ва Украіне ніякіх зрухаў у гэтым плане няма. Сваякі нічога не атрымліваюць. Я, вядома, разумею логіку, што грошы ў нашую сённяшнюю Беларусь трапіць не мусяць, бо пойдуць на падаткі сілавікам і гэтак далей. Але ёсць жа выпадкі, калі родныя не ў Беларусі. І мы сутыкаемся з такім, што, каб, напрыклад, бацькам атрымаць выплату, трэба рабіць запыт у ЗАГС пра склад сям'і — пацвердзіць, што няма жонкі і дзяцей. І нават калі дакументы ёсць, зноў праблема: банкі не адкрываюць рахункаў беларусам. Нам адмаўляюць натарыусы, страхавыя, мы не можам атрымаць ВНЖ па пратэрмінаваных пашпартах. Мы агучваем гэтыя праблемы камандаванню, яны абяцаюць, што пытанне будзе прапрацаванае, падрыхтуюцца прапановы што да зменаў у законы, але пакуль іх няма. А тая падтрымка, якую мы можам самі аказаць, — яна невялікая, у меру нашых магчымасцяў. Украінская дзяржава ў гэтым кірунку нічога не робіць.

— Як вы пасля ўсяго аднаўляецеся?

— Трэба ўсё прыняць. Я проста на тыдзень закрываюся ад усіх. Размаўляю са сваімі роднымі, калі ім трэба, а так не чытаю навінаў, ні з кім не кантактую. Нервы ў той момант нацягнутыя як канаты. А далей проста вяртаюся ў жыццё. Але я не бяру на сябе больш, чым магу вытрымаць — толькі калі па-іншаму немагчыма. Але тады кажу: «Чувакі, мне будзе кабзда, мне патрэбная дапамога». Яны могуць адказаць, што дапамогі ўзяць няма адкуль: «Дай рады сама». І я іду і прыводжу сябе ў нармальны стан, ніхто да мяне не падыходзіць, бо без шанцаў — усе гэта таксама ведаюць.

— Колькі байцоў, чые целы не змаглі забраць і пахаваць?

— У нас былі таксама вялікія страты разам з Мышом у траўні 2023 года. Яго змаглі забраць, а яшчэ чатыры чалавекі засталіся пад заваламі — іх проста немагчыма было раскапаць. Трэба тэхніка. А гэта бахмуцкая тэрыторыя, цяпер акупаваная.

16 траўня 2023 года падчас аперацыі ў Бахмуце загінулі камандзір «Волата» Міраслаў Мыш Лазоўскі і яшчэ чацвёра добраахвотнікаў. Група трапіла пад расійскі артылерыйскі абстрэл, будынак, у якім былі байцы, абрынуўся.

— Ёсць практыка, калі расіяне з акупаваных тэрыторый забіраюць целы ворага і аддаюць ва Украіну падчас абменаў. Ёсць шанец, што так вернуцца і беларусы?

— Надзея ёсць, але як будзе на практыцы, ніхто сказаць не можа. Той жа Лісічанск. Мы не ведаем, што зрабілі з целамі хлопцаў, прапановаў абмену не было. Пад Бахмутам яны наўрад ці наўмысна разбіралі завалы і даставалі загінулых: баявыя дзеянні там ідуць, і з нашага боку ім таксама прылятае. Ёсць спадзяванне, што ўсё ж тая тэрыторыя пяройдзе на наш бок, мы зможам туды дабрацца і самі іх дастаць, развітацца. Гэтай надзеі мы ніколі не страчваем і не забываем пра тую гісторыю.

— Бываюць выпадкі, што ад цела застаюцца толькі рэшткі?

— Дзякуй богу, нам шанцуе, у нас ёсць з чым развітацца. Не заўсёды ўсё ідэальна, але супрацоўнікі морга робяць магчымае і немагчымае, каб труна была адкрытая, каб апошні раз можна было пабачыць чалавека ў больш-менш нармальным стане.

«Моцныя эмоцыі, слёзы чую часта. Звычайна ад жонак ці маці»

— Вы заўсёды тэлефануеце блізкім загінулага? Расказваеце пра абставіны гібелі?

— Не, калі не пытаюць, то не расказваю, бо гэта не свецкая размова пра надвор’е — падрабязнасці могуць быць траўматычнымі.

Наконт таго, каму тэлефаную… Не заўжды блізкім. Калі мы прыходзім на кантракт, запаўняецца анкета, дзе пазначаем кантактную асобу. Гэта можа быць хто заўгодна, як ты вырашыш сам, блізкі ці далёкі чалавек — розніцы няма. Вось гэтай асобе трэба паведаміць, а далей інфармацыя ідзе па ланцужку. І калі баец нам ці гэтай асобе даў алгарытм дзеянняў, мы працуем паводле яго.

Але звычайна ніхто не хоча думаць пра смерць, нават на вайне. І ў 99% выпадкаў ніякага плана няма. На жаль. Ёсць кантактная асоба — і больш ніякіх распараджэнняў. Але з пункту гледжання чалавечнасці мы праз гэты кантакт пачынаем шукаць сваякоў. Быў выпадак, калі я ўвогуле з усёй сям’ёй паразмаўляла — братамі, сёстрамі, цёткамі-дзядзькамі. Яны не маглі адно аднаму паведамляць, таму гэта рабіла я. А далей залежыць ад родных. Камусьці нічога не трэба — яны пачулі і пайшлі самі асэнсоўваць. Калі ў чалавека ёсць патрэба размаўляць, я буду з ім гаварыць колькі спатрэбіцца, у любы час дня і ночы. Калі гэта дапаможа, буду гэта рабіць, бо ім цяжэй.

Пахаванне беларускага дабраахвотніка палка Каліноўскага, чэрвень 2024 года, Украіна. Фота: прэс-служба палка ​
Пахаванне беларускага добраахвотніка палка Каліноўскага, чэрвень 2024 года, Украіна. Фота: прэс-служба палка ​

— Што вы чуеце ў адказ — цішыню, пытанні, слёзы, істэрыку, адчай?

— Ёсць розныя гісторыі. І я ж не заўсёды тэлефаную — спачатку асцярожна пішу: я такая і такая, такі і такі пакінуў ваш кантакт, трэба стэлефанавацца, калі вам зручна. Калі людзі ведалі, дзе іх сваяк, ты толькі датэлефанавалася — а там ужо плач, бо чалавек усё адразу разумее. І пры гэтым просіць: «Скажыце, што тэлефануеце не з гэтай нагоды». Ніхто не хоча чуць гэтыя словы.

А шмат хто не гаворыць, што ён на фронце, для бяспекі сям'і, у тым ліку эмацыйнай. Такіх, з майго досведу, у нас каля 20%. Тады, вядома, складаней, бо спачатку ідзе ўсведамленне, што чалавек быў на вайне. Ну і не ўсе адразу вераць — беларусы ўжо жыццём бітыя, некаторыя думаюць, што тэлефануюць махляры. І вось тлумачыш: «На жаль, не махляры, здарылася страшнае. Так, ваш сын ці брат вам не паведаміў, але столькі і столькі часу быў на вайне. І гэта не падман — ён пра вас так клапаціўся». Людзям складана паверыць, прыняць. Асабліва калі баец — зніклы без звестак і табе няма чаго паказаць як пацверджанне. Ні фотаздымка, ні цела — толькі мае словы і словы чалавека, які быў з ім побач.

Моцныя эмоцыі, слёзы чую часта. Звычайна ад жонак ці маці. Асабліва калі яны ведалі, дзе іх муж ці сын былі. Але як па-іншаму рэагаваць? Ты страціў самага блізкага чалавека. У такіх сітуацыях мы размаўляем у некалькі заходаў — спачатку чалавеку трэба выплюхнуць эмоцыі, бо яго накрыла з галавой. Размовы могуць цягнуцца дзень і болей, пакуль недзе не асядзе гэтая інфармацыя. І толькі пасля пачынаюцца пытанні (слёзы могуць і не заканчвацца).

Я тут адчуваю пэўную бездапаможнасць, бо не побач. Заўсёды сціскаюся ад таго, што не магу ў чалавека на тым канцы неяк забраць гэты боль сабе. Усё ж калі не проста голасам гэта кажаш, а ў твар, такі кантакт трошачкі дапамагае. У гэты момант трэба абняць, даць кавалак бяспекі, дзе тая маці, жонка ці хтосьці іншы маглі б у сваё гора сысці.

— Чулі папрокі, пагрозы? Калі родныя ваяроў казалі, што ў гібелі вінаватыя вы, «не трэба было туды адпраўляць»?

— Не зусім. Быў выпадак, калі баец не кантактаваў з сям’ёй, але прычыны не называў. Аказалася, што там увогуле супрацьлеглыя погляды. Вось ад такой маці я ўпершыню пачула: «Вы ўсе хлусіце. Калі ён быў на вайне, то ён вораг». Там святая вера ў Лукашэнку. Але яна не мяне абвінавачвала — лічыла, што ва Украіне нацысты, бандэраўцы, дзяцей ядуць, а сын яе ўвогуле быў не там. Яна падала заяву ў Следчы камітэт, што сын знік. Першыя дні думала, што ён знік недзе ў Польшчы, Расіі, што яго СК зараз знойдзе. Пасля ўсю сям’ю цягалі на размовы да пракурора. А мне тэлефанавалі іншыя сваякі і казалі, што ў гэтым вінаватыя мы. Кажу: не, ужо прабачце, мы зрабілі ўсё, каб гэтага не адбылося, — усе пытанні да вашай маці-бабулі, гэта яна так вырашыла.

— Той добраахвотнік не герой для сваёй маці?

— Не, не герой. Але ёй не было ўсё роўна, што сын загінуў. Былі пачуцці як у іншых маці. Проста нават пасля яго смерці яна з ім не згодная. Можа, думала, што ён у сваёй смерці вінаваты сам, але ніякай нянавісці — проста неразуменне, навошта ён так зрабіў, як увогуле мог пайсці на вайну.

Але гэта было год таму, я ўжо і забыла, што ёсць такія людзі. Не магу сказаць за ўсіх, але большасць сем’яў, з якімі я знаёмая праз такія непрыемныя абставіны, лічаць свайго роднага героем. Проста ніводнай маці не хочацца, каб яе сын стаў героем, — кожнай трэба, каб ён быў жывы.

— Украінскай маці, якая страціла сына, не трэба хаваць сваё гора. Беларуская маці вымушаная гэта рабіць.

— А ў нас заўсёды жыццё з зорачкай. Родныя ад гэтага атрымліваюць дадатковы стрэс. Проста не выказаць словамі, наколькі гэта цяжка: твой блізкі загінуў за слушную справу, за дабро, а ты нават не можаш гэта сказаць. І нашую сітуацыю, акрамя нас, нікто не разумее. Пачынаючы з таго, што людзі пражылі ПТСР 2020-га, пасля абралі для сябе такі шлях, зноў небяспеку, і атрымалі чарговы, падвоены-патроены ПТСР. Ніхто не разумее, якую ахвяру прыносяць беларусы, становячыся побач з украінцамі.

На жаль, у нас большасць загінулых — гэта людзі, чыіх імёнаў нельга раскрываць. Некаторыя прозвішчы ўсё ж трапляюць у інфапростору, праўладныя памыйкі. Некаторыя не разумеюць, што нават калі гэта быў іх сябар, блізкі чалавек, праз розгалас будуць наступствы для сям'і.

Аднойчы мы хавалі хлопца, а ў яго ёсць сваякі-ўкраінцы. І там мясцовая адміністрацыя дае па ўсіх сацсетках пра яго інфармацыю! Я тэлефаную ў шоку, рукі калоцяцца: «Чалавек хаваў твар, што вы робіце? Мы ж падставім усіх, каго ён спрабаваў абараніць!» Яны: «Дык ён жа герой! Як можна пра яго не сказаць? Яго ж тут ведалі!» І вось цяжка патлумачыць. Я некалькі разоў прагаварыла, і ўсё адно яны зрабілі банер з яго прозвішчам.

— Сям'і ў Беларусі дасталася?

— Так, да іх прыйшлі. Дзякуй богу, проста прыйшлі. Але інфармацыя пра яго ў праўладныя памыйкі пайшла. Карацей, тое, чаго не мусіла адбыцца, адбылося.

— Як праходзіць пахаванне, калі сваякі прыехалі? Хаця б у той момант у іншай краіне ім бяспечна гаварыць, выказваць эмоцыі?

— Заўсёды гора, слёзы. Напэўна, я скажу дзікую рэч, але беларусы нават бядуюць інтэлігентна. Гора нашых людзей выглядае максімальна прыгожа. Там няма істэрык, праклёнаў. Нават калі гэта няспынныя слёзы — яны выглядаюць высакародна. Так, гэта доўгае развітанне, плач на труне, трыманне за руку, немагчымасць адпусціць, але разумееш: беларускае гора — такое. Без вырывання валасоў, заломвання рук. Яно сканцэнтраванае ўнутры і на чалавеку. Я, відаць, так люблю беларусаў, што для мяне нават такое выглядае прыгожа.

Развітанне з беларускім дабраахвотнікам палка Каліноўскага Аляксеям Турам Скобляй, 15 сакавіка 2022 года, Кіеў. Фота: прэс-служба палка
Развітанне з беларускім добраахвотнікам палка Каліноўскага Аляксеям Турам Скобляй, 15 сакавіка 2022 года, Кіеў. Фота: прэс-служба палка

Але падчас развітання я магу трымацца ўвесь час побач з людзьмі, пакуль яны бядуюць, плачуць, усё астатняе, але не магу заходзіць з імі у морг. Дзякуй богу, гэтую функцыю на мяне не паклалі. Адзін раз зайшла — і ўсё.

— Чаму?

— Не магу патлумачыць. Магу бачыць чалавека ў труне на развітанні, але не магу ў моргу, калі сям’я ўпершыню бачыць цела. Калі трапіла, атрымлівалася так, што частка сям'і доўга ехала з Беларусі, было зразумела, што хаваць будзем ужо ў закрытай труне. Таму пабачыць чалавека і развітацца можна было толькі ў той момант. Прыехала ўкраінская частка сям'і, мы пайшлі разам. Там былі дзеці. Я, вядома, моцненькая, але старыя і малыя мяне праз каленку ламаюць. Калі дзеці зайшлі пабачыць бацьку, трымаюць яго за бот, плачуць сваімі маленькімі вочкамі, гэта цяжка пражыць. Гэта быў другі выпадак, калі плакала я.

— Як часта вы хаваеце байцоў самі, бо сям’я ў Беларусі і не змагла прыехаць?

— Такія выпадкі ёсць. Бо каб трапіць ва Украіну, трэба прайсці непросты шлях, шмат часу выдаткаваць на дакументы, візы трэба атрымаць — іх жа не Украіна адкрывае, а сюды часта едуць праз Польшчу. Ніхто ж не рыхтуецца да гэтага загадзя. Дзесьці мы можам вырашыць праблему хутка, а дзесьці — не. Ну і ёсць розныя рызыкі, улічваючы тое, у якім статусе нашая краіна і што там адбываецца. Таму пакуль людзі едуць, у мяне валасы дыбарам стаяць. Але часта ніякія складанасці не спыняюць сваякоў. І гэта тое, на чым я трымаюся, — што яны такія мужныя, смелыя.

Але ў нас ёсць надзея, што ўсе, хто тут загінуў, вернуцца ў Беларусь. Загінулых мы звычайна крэміруем — гэта дазволіць нам пахаваць хлопцаў на сваёй зямлі так, як яны таго вартыя, з гонарам.

Аднойчы быў вельмі кранальны момант — бацькі прывезлі на пахаванне беларускую зямлю, каб пакласці ў труну сына. Я зразумела, што гэтага заўсёды не хапала, бо мы паміраем за Беларусь, гэта важна.

«Аднойчы я стаяла над труной і сварылася: «Ты мне абяцаў, што не памрэш»»

— Вы цяпер заўсёды у чаканні, што будзе чарговы «двухсоты»?

— Так, заўсёды разумею, што падчас кожнай задачы могуць пазваніць і сказаць тое, чаго я чуць не хачу. Таму калі хлопцы едуць, трымаю пальцы крыжыкам, пішу гэтым сваім абалдуям мантру, якой, напэўна, ужо дастала ўсіх: «Паміраць забаронена, знайду — дам па дупе! (смяецца) Нават не глядзіце ў той бок — рукі-ногі прынесці, галаву таксама». Гэта, вядома, жарты. Мы ўсе разумеем, дзе знаходзімся, што адбываецца тое, што адбываецца. Аднойчы я стаяла над труной і сварылася: «Ты мне абяцаў, што не памрэш, што ўсё будзе добра. Я вельмі злуюся».

Тады, памятаю, стаялі яго проста касмічная цётка, найцудоўнейшая маці. Мы разам глядзелі на яго (працаўнікі морга зрабілі сапраўдны цуд, бо там усё было не вельмі добра), і нават у апошні момант наш Франт выглядаў так, нібы спіць. Нават нібы ўсміхаецца.

— У некаторых украінскіх вайскоўцаў ёсць штосьці накшталт плана на выпадак смерці, яны пішуць, якім хацелі б бачыць сваё пахаванне. Беларусы такое пакідаюць?

— Некаторыя так, ёсць «цудоўныя» спісы (смяецца). Там распісана, каму што перадаць, з кім першым звязацца, нават якую музыку ўключыць, што ў якой паслядоўнасці мусіць ісці. Але гэта рэдкія выпадкі. І, калі шчыра, гэта прасцей — калі пакідаюць такія пажаданні, бо іначай мне даводзіцца ўсё рабіць самой, інтуіцыйна — напрыклад, якую песню паставіць, акрамя «Пагоні», калі будзе ісці ланцуг людзей да труны. Ніхто не мусіць думаць пра сваю смерць, але мы знаходзімся ў месцы, дзе гэта рабіць даводзіцца. Але спадзяюся, што тыя спісы, якія ў мяне ёсць, ніколі не спатрэбяцца.

Доброволица с позывным Ночка полка Калиновского, Украина, 2024 год. Фото: пресс-служба полка
Добраахвотніца з пазыўным Ночка палка Каліноўскага, Украіна, 2024 год. Фота: прэс-служба палка

— Давай вернемся да цябе. У цябе ёсць псіхолаг, падтрымка?

— Так, нават у псіхолагаў ёсць псіхолагі (смяецца). У мяне была спроба пасля траўня 2023-га, але потым я адчула, што сама сабе даю рады лепш. Мне хапае ўнутранай моцы, каб сябе выцягваць. Калі гэты рэсурс скончыцца, напэўна, я проста больш не буду рабіць тое, што раблю, каб не прынесці людзям шкоды праз свой стан.

— Здараецца, што хочацца адысці ад гэтай працы?

— Я ж таксама не сталёвая. Бываюць, вядома, моманты, калі я енчу: «А можа, нехта яшчэ мне нарэшце дапаможа? Бо быць анёлам смерці ў адзін твар я трохі стамілася. Давайце некага яшчэ мне дадзім». Былі такія спробы, але я ўсё адно суправаждала чалавека, мне задавалі шмат пытанняў, я была падключаная і ўсё пражывала. Плюс атрымліваецца зламаны тэлефон. І стала зразумела, што сэнсу няма. Яшчэ аднаго анёла смерці, на жаль, не знайшлі. Я не скарджуся, проста таксама стамляюся.

— Ты не думала, што с табой будзе пасля таго, як усё скончыцца?

— Відаць, я ўсё яшчэ ў моманце. Пакуль я спраўляюся. Мне ніхто не сніцца, я памятаю кожнае імя, але гэта светлая памяць, павага. Для мяне гэта не непражытае гора — я магу з ім жыць далей.

Потым? Так, магчыма, мяне накрые ўсімі гэтымі гісторыямі. І не толькі гэтымі, бо, зноў жа, ў маім жыцці быў вельмі складаны 2020-ы, і яго я, відаць, пражываю горш. Я засталася там. Бо вайна мяне так не траўмуе, як тое, што адбываецца ў Беларусі. Як бы гэта ні гучала. Хоць тут, на вайне, суцэльныя жахі. Я ўсё гэта разумею, але баліць мне Беларусь. Вось тут мяне накрые, бо кожная навіна з радзімы — як нож у сэрца, і я нічога з гэтым пакуль зрабіць не магу.

— Вынесем за дужкі, што ва Украіне можа ў любы момант прыляцець у любое месца. Вы бываеце блізка да фронту?

— Бліжэй чым за сорак кіламетраў да лініі баявых дзеянняў я не ездзіла. А так не адчуваю небяспекі. Магчыма, гэта маральная абарона — у мяне няма адчування, што я загіну. Таму і разумею нашых хлопцаў, якія не пакідаюць тых спісаў (смяецца). Мы, відаць, несмяротнымі сябе лічым.

— Прабачце за гэтае пытанне, але вы думалі, што можаце аказацца на месцы ваяроў? Што камусьці давядзецца тэлефанаваць вашым блізкім?

— Давайце так. У маім жыцці ўсё прасцей: мае блізкія побач, ім не спатрэбіцца тэлефанаваць. Што рабіць у той момант, што гэта будзе суцэльнае гора, усе разумеюць. Тое, што я хачу, каб мяне абавязкова крэміравалі і пахавалі дома, калі б гэта ні адбылося, даўно прагаворана. Я хачу ляжаць менавіта ў сваёй, беларускай, зямлі. Таму спісаў у мяе няма, як я ўжо казала, але адчуванне, што здарыцца можа ўсё, ёсць. Страху перад гэтым няма. Толькі, відаць, будзе шкадаванне, што не паспела зрабіць усё, што хацела. Але жаху перад гэтым няма.

Я часам выязджаю ў прыбаявыя зоны. Быў момант, калі паляцелі «Шахеды». Ну, пабахалі і пабахалі. Нядаўна ездзіла ў Харкаўскую вобласць, там усе кажуць пра КАБы. Пажартавалі: «Шахеды» ўжо былі — трэба і на КАБы паглядзець (смяецца). Але не прыляцелі. Таму я розніцы не адчула: што тут [у тыле] знаходжуся, што была там. Мне шанцуе. І я ў гэтае шанцаванне веру. Магчыма, мяне нешта аберагае і лічыць, што мне трэба тут пажыць і папрацаваць.