Дом віцебскай актывісткі і блогеркі Алены Янушкоўскай прадалі 30 траўня на аўкцыёне за 18,5 тысячы рублёў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Стартавая цана лота складала 10 700 рублёў.
— Ездзіла вельмі шмат людзей і глядзелі маю хату. Пра гэта мне паведамілі суседзі, а задарма — чаму не ўзяць? Рэальная цана гэтай хаты нашмат большая. Я разумею так, што гэта прыбліжаныя там чыноўнікам. Хата амаль за тры кіламетры ад горада, маршрутка і аўтобусы ходзяць да горада, пешшу дайсці да горада — гэта 20 хвілін. Там зямлі 54 соткі, там сажалка ёсць, — сказала актывістка.
На думку Янушкоўскай, рынкавы кошт дома вышэйшы за той, за які яго рэалізавалі з аўкцыёну.
Алена Янушкоўская — актывістка партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», аўтарка YouTube-канала «Сапраўдная Беларусь», у якім расказвала пра жыццё беларускай глыбінкі. Жанчыну неаднаразова арыштоўвалі і штрафавалі за стрымы з розных падзей у Віцебску і Мінску. За ўдзел у мітынгах супраць падпісання дарожных карт з Расіяй у 2019 годзе Алене прызначылі штрафы на 4590 рублёў.
У пачатку 2021 года Алена адбыла чарговыя «суткі» ў ІЧУ, тады ж па Віцебску прайшла хваля ператрусаў у мясцовых актывістаў, у тым ліку ў яе дачкі Юліі Уласенка. Апошняй таксама пагражалі адабраць дзяцей. Пасля гэтага Алена Янушкоўская, яе дачка і ўнукі з’ехалі з Беларусі.
Нагадаем, на аўкцыёне 23 красавіка прадалі мінскую кватэру палітвязня Уладзіміра Лабковіча, на якую прэтэндавалі тры ўдзельнікі. У гэты ж дзень на таргі выставілі 1/7 частку офіснага памяшкання праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, але ахвотных купіць нерухомасць не знайшлося.
У пачатку красавіка з малатка пайшла кватэра апазіцыянераў Валерыя і Веранікі Цапкалаў з зарэгістраванымі ў ёй дзецьмі, у ліпені 2023 года на аўкцыёне прадалі мінскую трохпакаёвую кватэру палітвязня Сяргея Ціханоўскага.