Муж і жонка з Мінска развяліся, але засталіся жыць у адной кватэры, падзяліўшы яе паміж сабой. Разам з імі жыла дарослая дачка, а яшчэ двое гадаванцаў — кот і котка. Гэтыя двое былі «нелегаламі» — гаспадары за ўвесь час так і не зарэгістравалі іх у кватэры. Нечакана беспародная каціная парачка стала каменем спатыкнення і сапраўдным выпрабаваннем для судовай сістэмы Беларусі. Каб разабрацца з іх правам на існаванне без «прапіскі», спатрэбілася ўмяшанне намесніка пракурора Мінска і намесніка старшыні Вярхоўнага суда. Дакументы па гэтай абсурднай справе з’явіліся ў банку судовых рашэнняў — расказваем падрабязнасці.
Пасля разводу Андрэй і Жанна (усе імёны выдуманыя) засталіся жыць у трохпакаёвай кватэры ў Фрунзенскім раёне Мінска, падзяліўшы яе праз суд: мужчыну дасталася ва ўласнасць 45% кватэры і самы вялікі пакой, а яго экс-жонка атрымала астатнюю частку. У адным з пакояў жыла дачка жанчыны ад першага шлюбу Юлія. Усе трое былі прапісаныя ў кватэры.
Яшчэ падчас шлюбу яны завялі гадаванцаў — беспародную трохколерную котку і такога ж беспароднага карычнева-белага ката. У нейкі момант пра жывёл у кватэры стала вядома камунальнікам. Тыя неаднаразова прасілі мужа і жонку зарэгістраваць жывёл, скіроўвалі ім пісьмовае патрабаванне. Увосень 2022 года Жанну нават аштрафавалі па ч.1 арт. 16.30 КаАП пра парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл за адсутнасць рэгістрацыі.
Тым не менш муж і жонка, а пазней былыя муж і жонка так і не «прапісалі» катоў. Усё праз Андрэя: ён чамусьці ўпарта адмаўляўся рэгістраваць жывёл, спасылаючыся на тое, што яны «не ягоныя», і ніяк не мог прыйсці да згоды з былой жонкай, у якой наконт гэтага было іншае меркаванне.
Урэшце ЖЭУ звярнулася ў суд і падало пазоў супраць жыхароў кватэры з патрабаваннем прымусіць іх правесці рэгістрацыю хатніх жывёл.
Згодна з «Правіламі ўтрымання хатніх сабак, катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл у населеных пунктах Рэспублікі Беларусь», зацверджанымі Саўмінам у 2001 годзе, уладальнікам сабак ці катоў забараняецца трымаць незарэгістраваных жывёл (падпункт 5.3 пункта 5). За гэта прадугледжаная адказнасць па арт. 16.30 КаАП. Рэгістрацыяй сабак і катоў, выдачай пасведчання і жэтона займаюцца мясцовыя выканкамы ці адміністрацыі раёнаў, яны ж абавязаныя кантраляваць своечасовасць рэгістрацыі гадаванцаў.
На судзе Жанна і яе дачка сказалі, што згодныя з пазовам ЖЭУ і гатовыя зрабіць жывёлам «прапіску». Аднак Андрэй зноў быў супраць і не прызнаў пазову.
Тым не менш суд прыйшоў да высновы, што патрабаванні ЖЭУ законныя, і абавязаў усіх жыхароў кватэры разам зарэгістраваць катоў, а таксама выплаціць 111 рублёў дзяржпошліны.
Гэтым рашэннем, прынятым 14 ліпеня 2023 года, усё магло б скончыцца. Але судовыя прыгоды вакол двух беспародных катоў, якія нічога не падазравалі, толькі пачыналіся.
«Парушэнне нормаў працэсуальнага права»
Незадаволены высновай суда Андрэй падае апеляцыю. Ён лічыць, што суд неабгрунтавана ўсклаў на яго абавязак зарэгістраваць жывёл. Паводле мужчыны, каты наогул не ягоныя, іх уладальніцы — Жанна з Юліяй.
Больш за тое, заяўляе Андрэй, ён наогул супраць гэтых гадаванцаў: «знаходжанне ў жылым памяшканні катоў парушае яго законныя правы і інтарэсы, бо жывёлы псуюць маёмасць».
У той жа час пратэст на рашэнне раённага суда нечакана падае пракуратура. Пракурор заяўляе, што суд «істотна парушыў нормы працэсуальнага права». А менавіта — да ўдзелу ў справе мусіла быць прыцягнутая адміністрацыя Фрунзенскага раёна Мінска, бо менавіта яна адказвае за пытанні рэгістрацыі хатніх жывёл, а не ЖЭУ. Праз гэта пракурор, як і Андрэй, патрабаваў адмяніць пастанову суда.
Каб разгледзець гэтыя скаргі, 28 жніўня 2023-га збіраецца калегія з трох суддзяў Мінскага гарадскога суда. І гэтая тройца прыходзіць да высновы, што першапачатковае рашэнне ўсё ж было законным — з наступных прычын.
Сумесная маёмасць
У адказ на апеляцыю Андрэя суддзі нагадалі яму, што ён і Жанна завялі ката і котку, калі яшчэ былі жанатыя.
«Хатнія жывёлы — каты набытыя ў перыяд шлюбу і з’яўляюцца сумесна нажытай маёмасцю», — канстатуе суд.
Але калі кватэру, тэлевізары, лядоўні і іншую сумесна нажытую маёмасць муж і жонка пасля разводу падзялілі, то катоў не падумалі — яны «прадметам падзелу не былі», адзначаецца ў судовым дакуменце. Выходзіць, што, нягледзячы на ўсе пратэсты Андрэя, каты па-ранейшаму застаюцца яго з жонкай агульнай маёмасцю — а значыць, абаім і адказваць за іх.
Што ж да другой скаргі мужчыны — што гадаванцы парушаюць яго правы і псуюць мэблю, — суд заявіў, што раз ужо Андрэй — раўнапраўны суўладальнік катоў, то, любіць ён іх ці не, у любым выпадку абавязаны «несці цяжар іх утрымання».
Пратэст пракурора судовая калегія таксама адхіліла. Суддзі адзначылі, што ў Мінску рэгістрацыю гадаванцаў ажыццяўляюць не толькі адміністрацыі раёнаў, але і арганізацыі, якія кіруюць эксплуатацыяй жыллёвага фонду або аказваюць паслугі ЖКГ, у тым ліку нават таварыствы ўласнікаў і арганізацыі забудоўшчыкаў. І тым жа ЖЭУ пасля выяўлення жывёл-«нелегалаў» прадпісваецца неадкладна прыняць меры для іх рэгістрацыі. Таму, прыйшлі да высновы суддзі, ЖЭУ, да якога належыць дом Жанны і Андрэя, мела поўнае права звяртацца ў суд і ўдзел адміністрацыі раёна тут неабавязковы.
Тым не менш калегія не захацела сыходзіць з пустымі рукамі і пастанавіла крыху змяніць першае рашэнне — чыста фармальна, у пытанні спагнання дзяржпошліны: Андрэй, Жанна і Юлія цяпер абавязаныя былі выплаціць не 111 рублёў пароўну, а па 37 рублёў кожны. Словам, на справе не змянілася наогул нічога.
Умяшанне звыш
Але і гэтае разбіральніцтва не было апошнім. У наступныя месяцы на рашэнне раённага і гарадскога судоў звяртае ўвагу Вярхоўны суд. Ці то найвышэйшая інстанцыя сама падчас праверкі рашэнняў выявіла, што з катамі абышліся супрацьзаконна, ці то гэта адбылося з падачы гарадской пракуратуры — у дакуменце гэтае пытанне не раскрываецца. Аднак намеснік старшыні Вярхоўнага суда выносіць пратэст на вердыкт гарадскога суда і патрабуе адмяніць усе пастановы па гэтай справе.
Пасля гэтага прызначаецца яшчэ адно разбіральніцтва. З ініцыятыве ВС, каб канчаткова вырашыць лёс катоў, 7 лютага 2024 года збіраецца ўжо не проста калегія, а прэзідыум Мінскага гарадскога суда. У яго складзе — старшыня, тры яго намеснікі і яшчэ чацвёра суддзяў.
Адзін з чальцоў прэзідыума зачытвае даклад. Выступае таксама намеснік пракурора Мінска, які таксама, як і Вярхоўны суд, лічыць, што ўсе рашэнні па гэтай справе трэба адмяніць.
Чаму ўсё гэта наогул адбываецца?
Аказваецца, першапачатковае рашэнне не толькі было неабгрунтаваным, але і наогул не мела права на існаванне.
Па-першае, у якасці абгрунтавання вердыкту раённы суд прывёў артыкулы Жыллёвага і Грамадзянскага кодэксаў, якія наогул не датычаць пытанняў рэгістрацыі хатніх жывёл. Па-другое, усе астатнія законы, на якія спаслаўся суддзя, прымянілі няправільна. У Вярхоўным судзе канстатавалі, што:
- сапраўды, правілы ўтрымання катоў і сабак забараняюць трымаць жывёл без рэгістрацыі;
- сапраўды, мясцовыя выканкамы і адміністрацыі займаюцца рэгістрацыяй катоў і сабак, кантралююць, каб новыя жывёлы былі «прапісаныя»;
- сапраўды, тыя ж мясцовыя ўлады прыцягваюць гаспадароў да адказнасці па артыкуле 16.30 КаАП за адсутнасць рэгістрацыі ў гадаванцаў.
Аднак нідзе наогул у беларускім заканадаўстве не прадугледжаная магчымасць змусіць гаспадароў да рэгістрацыі жывёл у судовым парадку, прыйшоў да высновы Вярхоўны суд.
То-бок ні ЖЭУ, ні нехта іншы не мелі права падаваць такі пазоў супраць Жанны і Андрэя. Аднак раённы суд прыняў гэты пазоў, а суд наступнай інстанцыі не зразумеў, што гэтую справу наогул нельга было разглядаць.
«З улікам выкладзенага судовыя пастановы, якія адбыліся па справе, нельга прызнаць законнымі і абгрунтаванымі. Яны падлягаюць скасаванню, а справа — спыненню з прычыны яе непадведамаснасці суду», — пастанавіў прэзідыум Мінгарсуда.
Гэтым разам рашэнне стала канчатковым. Дзякуючы ўмяшанню Вярхоўнага суда беспародная трохколерная котка і карычнева-белы кот змогуць заставацца свабоднымі ад дзяржаўнага ўліку і жыць у кватэры без рэгістрацыі, пакуль гаспадарам не надакучыць плаціць за іх штрафы.
Беларускія суды разглядаюць самыя розныя выпадкі — часам кур’ёзныя, часам трагічныя, а часам і тое, і тое адразу. «Люстэрка» шукае для вас самыя займальныя сюжэты з рэальнага жыцця, каб вы ведалі, чым можа абярнуцца канфлікт вакол катоў і як сябе абараніць.
Падтрымайце рэдакцыю
Станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.
Чытайце таксама


