Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. КГК и прокуратура пожаловались Лукашенко на растраты в важной для него сфере. «Зеркало» получило закрытые документы — что в них
  2. Зноў даражэе аўтамабільнае паліва. Але ёсць і ўмоўна пазітыўная навіна, якая можа спадабацца кіроўцам
  3. Для кіроўцаў з'явілася змяненне, пра якое лепш ведаць на выпадак ДТЗ
  4. «Мы зрабілі больш, чым любая іншая краіна». Трамп прызначыў Дзень Перамогі ў Другой сусветнай вайне ў ЗША
  5. Качанава выказалася пра павышэнне пенсій. Тым часам Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва выхваляецца, што купаецца ў грашах
  6. Кочанова пояснила, что будет с пенсиями и зарплатами. Есть над чем задуматься, если учесть ожидаемый дефицит казны и прогнозы экономистов
  7. BYSOL: У сілавікоў новая тактыка для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія вяртаюцца ў Беларусь
  8. Банкі ўкараняюць новаўвядзенні для ўкладаў: адны з іх могуць спадабацца кліентам, іншыя — не вельмі
  9. Эксперты проанализировали последние заявления МИД РФ и Шойгу, который назвал западных миротворцев «законными целями» — вот их выводы
  10. Праваабаронцы: У Беларусі — масавыя затрыманні за ўдзел у пратэстах і па «справе Гаюна»
  11. В Офисе президента Украины пояснили, что имел в виду Зеленский, когда сказал, что Россия «что-то готовит в Беларуси этим летом»
  12. BYSOL заявіў пра новыя рызыкі для людзей з «пратэсным бэкграўндам», якія ездзілі і ездзяць у Беларусь. Даведаліся падрабязнасці
  13. Стала вядома, чым цяпер займаецца экс-кіраўнік ПВТ Валерый Цапкала
  14. Пока другие отрасли в убытках, нашелся новый драйвер экономики: у всех его топ-предприятий — рекордная прибыль
Читать по-русски


На «пакаяльных відэа», запісаных сілавікамі, і ў іх кабінетах у цэлым людзей часта змушаюць прызнавацца ў рэгістрацыі ў чат-боце плана «Перамога» BYPOL. Адзін з такіх беларусаў — айцішнік і прадпрымальнік з Мінскага раёна Дзмітрый Барайчук. Яго спачатку асудзілі па адміністрацыйнай справе, а пасля завялі дзве «крыміналкі», у тым ліку за ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні. Мужчына цяпер у бяспецы і адкрыта расказаў «Люстэрку», як ГУБАЗіК выбіваў з яго прызнальныя паказанні, чаму на справы некаторых затрыманых ставяць пазнаку «К» і чым потым для іх гэта абарочваецца.

Дмитрий Борейчук с женой. Фото предоставлено собеседником
Дзмітрый Барайчук з жонкай. Фота ад суразмоўцы

Дзмітрый Барайчук — 51-гадовы бацька чатырох дзяцей з Мінскага раёна. Па адукацыі мужчына — інжынер-радыёфізік. З 1987 года працаваў у сферы IT, таксама больш за 30 гадоў займаўся прадпрымальніцтвам. У апошнія гады — таксама рамесніцтвам, рабіў сувенірную прадукцыю з выявай гістарычных аб’ектаў Беларусі. Захапляўся юрыспрудэнцыяй, як валанцёр дапамагаў людзям адстойваць свае правы ў адміністрацыйным працэсе.

Дзмітрый цяпер аднаўляецца пасля складанай аперацыі, для яго і яго сям'і адкрыты збор на BYSOL. Вы можаце падтрымаць яго па спасылцы.

«Падбягаюць двое нейкіх чарцей, выцягваюць мяне, кідаюць на калені на снег, надзяваюць кайданкі»

У 2020-м Дзмітрый Барайчук збіраў подпісы за вылучэнне Віктара Бабарыкі ў прэзідэнты. Мужчына кажа, што быў «дастаткова наіўны, як і Віктар Дзмітрыевіч», лічачы, што, калі «рабіць усё правільна і па законе», уладам няма да чаго будзе выстаўляць прэтэнзіі.

У канцы ліпеня таго года Дзмітрый, як і дзясяткі іншых людзей, пайшоў падаць хадайніцтва ў КДБ, каб Віктару Бабарыку змянілі меру стрымання і адпусцілі пад асабістае даручальніцтва. Яго, як і яшчэ 50 чалавек, тады затрымалі. Дзмітрыю далі 14 сутак. Пасля выхаду на волю мужчына пачаў заўважаць да сябе цікавасць з боку сілавікоў. Пачаліся званкі з патрабаваннем прыйсці ў СК. Потым у кватэры сям'і правялі першы ператрус — канфіскавалі сістэмны блок камп’ютара. Летам 2021-га быў другі ператрус. Абодва разы самога Дзмітрыя дома не было, але ён зразумеў, што знаходзіцца ў распрацоўцы. Сям’я, як ён кажа, перайшла на «аблогавае становішча».

— Я стараўся не свяціцца, доўгі час дома не жыў. Дома ўсе навучыліся не адказваць на званкі з невядомых нумароў, не адчыняць дзверы адразу, практычна бясшумна падыходзіць да вочка, каб звонку гэта было не відаць, — расказвае мужчына. — З намі тады жыло трое няпоўнагадовых дзяцей — двайняткі 15 гадоў і малодшая дачка, якой 12. Усіх мы з жонкай навучылі не адказваць на пытанні пра сябе і бацькоў, калі хтосьці пытае ў школе. А такія выпадкі былі: міліцыя прыходзіла ў музычную школу і распытвала, дзе знаходзіцца тата. Я разумеў, наколькі гэта абсурдна і няправільна — вучыць дзяцей такому. Але мы былі вымушаныя так жыць.

Праз год, у канцы лістапада 2022-га, да Барайчука прыйшлі трэці раз. Ён расказвае, што ў той дзень чакаў сантэхніка, таму не насцярожыўся, убачыўшы за дзвярыма людзей у цывільным. Імі аказаліся двое супрацоўнікаў Мінскага ГУУС. Дзмітрый успамінае, што ў аператыўнікаў не было з сабой санкцыі на ператрус, які яны збіраліся правесці ў яго дома, — па яе разам паехалі ў СК. Пасля на месцы мужчыну давялося нагадваць супрацоўнікам, што патрэбныя панятыя і адвакат. Панятымі ўзялі супрацоўнікаў «Белтэлекама», якія пракладалі дзесьці побач оптавалакно, а наконт адваката мужчыну адмовілі.

— Яны канфіскавалі майкі з сімволікай, якая ім падалася забароненай, хоць там проста прысутнічалі чорны і чырвоны колеры на белым фоне, — расказвае суразмоўца. — Знайшлі дзве карціны з мазкамі белага і чырвонага колераў. Канфіскавалі інструменты, з дапамогай якіх я ўсё гэта рабіў як рамеснік, — прынтары, ноўтбук. Знайшлі, на жаль, мой тэлефон — запатрабавалі код доступу. Перавярнулі ўсё ў доме, склалі пратакол так, каб было немагчыма нічога разабраць, і павезлі мяне ў Мінск, у непрыкметны будынак у раёне вуліцы Розы Люксембург. Там я чакаў на заднім сядзенні машыны ва ўнутраным дворыку, як раптам падбягаюць двое нейкіх чарцей, выцягваюць мяне, кідаюць на калені на снег, надзяваюць кайданкі. Так мяне на напаўсагнутых нагах, з капюшонам на галаве, у становішчы «мордай у падлогу», каб я нічога не бачыў, пацягнулі на пяты паверх. Як зразумеў потым, я трапіў у аддзяленне ГУБАЗіК па Мінскай вобласці.

Дзмітрый кажа, што ў кабінеце яго пасадзілі на крэсла і пачалі выбіваць пароль ад тэлефона. Мужчына спрабаваў растлумачыць, што ў яго ёсць права захоўваць сваю перапіску ў таямніцы. У адказ, успамінае, — атрымліваў удары.

— Наваліліся некалькі супрацоўнікаў. Я сядзеў галавой уніз, абцякаючы ад удараў. Потым зразумеў, што страціць жыццё і здароўе тут і цяпер не планаваў, і даў ім пін-код, — успамінае мужчына. — У тэлефоне яны нічога не знайшлі, вырашылі, што мне няма чаго прад’явіць, і спыталі: «Слухай, а за што цябе наогул сюды прывалаклі?» Яны не ведалі самі, у чым рэч. Адзін з супрацоўнікаў тэлефанаваў начальніку і пытаў, што са мной рабіць. Той сказаў, каб я падпісаў паперу, што я папярэджаны «пра недапушчальнасць парушэння закона». Праўда, папера з сябе ўяўляла чысты бланк. Я не стаў вырабляцца і падпісаў.

«Ён на маёй справе паставіў значок — літару „К“, абведзеную ў колца. Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое»

Бліжэй да вечара Дзмітрыя адвезлі ў Першамайскі РУУС і перадалі інспектару аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.

— Памятаю яго пакуты ў пошуках артыкула, па якім можна было б сфабрыкаваць супраць мяне справу! Потым яму сказалі «шыць» мне хуліганства — нібыта я лаяўся матам, размахваў рукамі і гэтак далей. Потым ён зрабіў копію ўсіх маіх папер і на справе паставіў значок — літару «К», абведзеную ў колца (пра такую пазнаку расказвала мінчанка, якая прайшла праз Акрэсціна, яе таксама затрымліваў ГУБАЗіК. — Заўв. рэд.). Я тады яшчэ не ведаў, што гэта такое, — кажа суразмоўца.

Так Дзмітрый трапіў у ІЧУ на Акрэсціна. Назаўтра яго і іншых затрыманых па чарзе адводзілі ў кабінет — на суд па скайпе. Абаронцам Барайчука была яго жонка. Ён кажа, што ў пратаколе было шмат парушэнняў, нягледзячы на гэта, яму далі 15 сутак. Тады мужчына і даведаўся, што значыць тая самая літара «К» на яго справе.

— Калі перада мной адчынілі дзверы камеры, я не зразумеў, куды заходзіць — там не было месца! У чатырохмеснай «хаце» я быў ужо 22-м, — дзеліцца беларус. — Хлопцы ўзрадаваліся мне, бо былі адарваныя ад інфармацыі звонку, а некаторыя прайшлі ўжо па трэцім і чацвёртым коле перазатрыманняў. Мая гісторыя была падобная да гісторый многіх з іх, і тут прагучала слова «кантрольны». Некаторыя арыштанты ведалі, што іх так называюць. Тады я ўспомніў пра той значок у колцы. Аказалася, яго ставяць у РУУС перад тым, як адправіць чалавека на Акрэсціна. І ён вызначае яго далейшы лёс — як мусіць прайсці суд, як утрымліваць у ЦІП.

Дмитрий Борейчук во время онлайн-суда в 2022 году. Фото предоставлено собеседником
Дзмітрый Барайчук падчас анлайн-суда ў 2022 годзе. Фота ад суразмоўцы

Дзмітрый быў у некалькіх камерах, дзе ўтрымліваліся «кантрольныя», і яшчэ ў дзвюх, дзе знаходзіліся затрыманыя без такой пазнакі. Паводле мужчыны, розніца ва ўмовах і стаўленні ў іх — каласальная.

— У звычайных камерах няма перанасялення. Хоць там былі людзі ў чаканні СІЗА або звычайныя злодзеі, ім даюць пасцельную бялізну, падушку і матрац, а гэта ўжо багацце! — эмацыйна кажа суразмоўца. — У іх ёсць асабістыя рэчы, якімі можна сагрэцца, калі холадна. Свае кнігі, часопісы ці хаця б абрыўкі чагосьці, што можна пачытаць. Посуд, лыжка, пячэнькі свае і нават перадачкі з волі! Нічога гэтага ў «кантрольных» не было. Я палічыў, што сярэдняя плошча на аднаго, у залежнасці ад камеры, складала прыблізна 0,5 кв.м. Гэта прастора, якую табе вылучаюць на пражыванне цягам 15 сутак, а можа, і больш. Як гэта наогул можна ўявіць? Я ўжо не кажу пра ўвесь час уключанае святло, пабудкі два разы за ноч, адсутнасць зубной шчоткі і пасты — калі мяне закінулі ў камеру, у нас нават туалетнай паперы некалькі дзён не было. Даводзілася шукаць спосаб, як трымацца ў гэтых умовах: мы абціраліся, абмываліся вадой, якую награвалі ў пластыкавых бутэльках да пакаёвай тэмпературы.

Былы «кантрольны» расказвае, што такую пазнаку атрымлівалі не толькі палітычныя. Мужчына лічыць, што такімі называлі і тых, каго хацелі запалохаць:

— Напрыклад, сярод нас быў дастаткова вядомы сябра Саюза мастакоў (гаворка пра Аляксея Панцюка-Жукоўскага, на адной з карцін трыпціха «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў» ён выявіў Аляксандра Лукашэнку і яго сына Мікалая. — Заўв. рэд.). Ён быў зусім не супраць улады! Але яго затрымалі па даносе — знаёмая здалёк убачыла на яго карціне спалучэнне чырвонага і белага колераў. Яшчэ з намі быў мужчына ў добрым касцюме, кашулі і туфлях — відаць, яго забралі проста з працоўнага месца. Я неяк да яго падсеў і пытаю: «Віталь, што ты тут робіш?» Ён сказаў, што адбылася, напэўна, нейкая памылка. Я спытаў: «Віталь, а дзе ты працуеш?» Ён на вуха мне кажа: «Я намеснік старшыні праўлення «Белаграпрамбанка» (гаворка пра Віталя Крука, які ўваходзіць у кіраўніцтва банка. Інфармацыя пра яго затрыманне з’яўлялася ў снежні 2022 года, калі быў затрыманы і Барайчук. — Заўв. рэд.). То-бок, разумееце, гэты чалавек не мог быць палітычным — ён прайшоў велізарны кантроль, каб трапіць на такую пасаду. І тым не менш меў статус «кантрольнага». Некаторыя падначаленыя Віталя, якіх узялі разам з ім, сядзелі ў іншых камерах. Потым я ўжо даведаўся, што там чыста эканамічная справа. «Кантрольным» быў яшчэ прадпрымальнік, які падаў сваю фірму на банкруцтва, і на ім віселі сур’ёзныя даўгі. Так на яго хацелі націснуць, каб ён знайшоў грошы і ўсё выплаціў, — хутчэй за ўсё, былі закранутыя інтарэсы кагосьці зверху.

Дзмітрый кажа, што праз здзекі, прыніжэнне і гвалт з боку сілавікоў прайшлі практычна ўсе «кантрольныя», з якімі ён перасякаўся.

— Тое, праз што прайшоў я, быў нават вельмі лёгкі варыянт. Па-першае, я не асабліва вандраваў, — тлумачыць суразмоўца. — А па-другое, быў у абласным ГУБАЗіКу, а большасць хлопцаў прайшла праз гарадскі на Рэвалюцыйнай. З таго, што яны расказвалі пра катаванні там, якія яны паказвалі сляды ад электрашокераў, — гэта літаральна пекла на зямлі! Некаторых збілі так, што яны былі цалкам сінімі. Памятаю аднаго хлопца, які не хацеў даваць свае паролі. Ён не палітычны, але яго збівалі два дні ў ГУБАЗіКу, потым перадалі ў РУУС — там яшчэ суткі. Калі зразумелі, што ён — крэмень, кінулі да нас у ЦІП.

«Калі мне далі паперу, у ёй стаяла ўжо каля 50 подпісаў іншых людзей па гэтай жа справе за план «Перамога»»

Перыядычна мужчын з камеры забіралі на гутаркі з аператыўнікамі. Такую «гутарку» прайшоў і Дзмітрый. Мужчына ўжо ў кабінеце зразумеў: нешта ў яго тэлефоне ўсё ж знайшлі. Ён кажа, што з яго выбівалі прызнанне ў падпісцы на чат-бот плана «Перамога».

— Спачатку пыталі, якое я да яго маю дачыненне. Я тлумачыў: ніякага, — расказвае мужчына. — Яны знайшлі ў мяне скрыншот. Калісьці ў 2020-м мне прыйшло паведамленне ад невядомага акаўнта, маўляў, «вы з’яўляецеся ўдзельнікам плана «Перамога», каб перайсці да актыўных дзеянняў, запоўніце форму па спасылцы». Я не мог ставіцца да гэтага як да сапраўднай інфармацыі, не ведаў, ад каго яна, зрабіў скрын і адправіў знаёмай з пытаннем, ці ведае яна нешта. І ўсё. Слядоў рэгістрацыі ў тэлефоне яны не маглі знайсці і не знайшлі. Але зачапіліся за гэты скрыншот і зразумелі, што могуць апраўдаць у дачыненні да мяне ўсё, што адбывалася да гэтага: «Ці вы пачынаеце даваць паказанні, ці мы прыступаем да пэўных працэдур».

Барайчук кажа, што супрацоўнікі ГУБАЗіК пагражалі яму гвалтам і некалькі разоў ударылі. Пагражалі таксама крымінальным пераследам: фразамі накшталт «ты адсюль няхутка выйдзеш».

— Я вырашыў пагадзіцца, разумеючы, што гэтыя паказанні ў судзе юрыдычнага значэння мець не будуць: некаторыя фармальнасці сістэма яшчэ ўсё ж выконвае. Каб іх было можна прад’явіць у судзе, пратакол допыту мусіць складацца ў прысутнасці адваката, — кажа ён. — Таму я вырашыў пайсці на гэтую рызыку і даў паказанні, што нібыта рэгістраваўся ў гэтым боце. Тут трэба разумець, што для сілавікоў важна было мяне як «кантрольнага» памардаваць некалькі дзён у той камеры. Чалавек пасля гэтага становіцца больш згаворлівы і гатовы пайсці на агавор сябе. Было дастаткова пары ўдараў, каб я пагадзіўся падпісаць тыя паказанні. І так адбываецца з многімі людзьмі. Яшчэ следчым трэба было даказаць мэту маёй рэгістрацыі ў тым боце — што планаваў нейкія дзеянні. А я сказаў, што зрабіў гэта з мэтай задавальнення цікаўнасці. Такая прычына з фактам рэгістрацыі складу крымінальнага злачынства не мае. Ім трэба было знайсці нейкую маю дзейнасць, каб прывязаць экстрэмізм.

Тады Дзмітрый падпісаў пратакол, пасля чаго яго вярнулі на Акрэсціна і перазатрымалі ўжо па крымінальным артыкуле на трое сутак. Мужчыну пасадзілі ў «стакан», пасля — у карцар ІЧУ. Паводле яго словаў, карцар чакаў усіх «кантрольных», якія праходзілі па «крыміналках».

— Гэта маленечкае памяшканне — 1,75 на 3 метры. У цэнтры — нічым не абгароджаная прыбіральня, да сцяны прышпіленыя аднамесныя нары (іх не адшпільвалі). Нас у пакоі было ад сямі да дзевяці чалавек, — успамінае суразмоўца. — Сядзелі на халоднай бетоннай падлозе і стараліся сагрэцца. Тут я ўжо проста марыў пра тую камеру ў ЦІП! Хаця б таму, што там былі драўляныя падлогі. У панядзелкі ноччу з гэтай камеры вывозілі людзей ужо на Валадарку. У карцары сядзеў і святар Уладзіслаў Багамольнікаў, ён ужо доўгі час там быў. Тыя, хто з ім перасякаўся, расказвалі, што ён увесь час падбадзёрваў людзей побач. Са мной сядзеў адзін з найбуйнейшых прадпрымальнікаў у краіне Віталь Васілевіч і шмат іншых класных людзей. Мы гулялі ў інтэлектуальныя гульні, расказвалі адзін аднаму гісторыі, чыталі нейкія лекцыі, бо было шмат тых, хто эксперт у нейкіх галінах. Мае лекцыі, дарэчы, былі на тэму права.

Камера в ИВС, 2017 год. Cнимок носит иллюстративный характер. Фото: Sputnik
Камера ў ІЧУ, 2017 год. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Sputnik

Тады Дзмітрыя пачалі вазіць на допыты ў СК. На іх пускалі і адваката, якога для яго знайшла жонка.

— Для чаго гэта рабілася? Каб той дакумент, што я падпісаў раней, ператварыць у легальны, які потым прызнае суд. Выглядала гэта так: у кабінеце сядзяць следчы, адвакат і я ў кайданках, — апісвае ён. — За спінай — супрацоўнік ГУБАЗіК. Вядома, я спрабаваў следчаму пачаць «спяваць», што пра план «Перамога» нічога не ведаю, не рэгістраваўся. А ззаду да мяне падыходзіць супрацоўнік: «Дзмітрый, вы нешта не тое кажаце! Давайце вы будзеце прытрымлівацца той жа версіі, што ў нашай паперы. Або заедзем да нас па дарозе назад і пагутарым яшчэ раз». Якая будзе «гутарка», і так зразумела. Я расцэньваў гэта як пагрозу і на той момант, асабліва пасля карцара, ужо быў пабітым чалавекам з цалкам прыгнечанай воляй. Гэта і ёсць іх задача — задушыць асобу, здольнасць да абароны і ацэнкі рызыкі. Мне не заставалася нічога, акрамя як пагадзіцца з тым, што я пад катаваннямі падпісаў. Так у іх у справе з’явіўся цалкам законны дакумент. Але яго ўсё яшчэ не было дастаткова, каб прызнаць мяне абвінавачаным. Іншых доказаў рэгістрацыі ў іх не было, як і доказаў мэты.

На тым жа допыце следчы папярэдзіў Дзмітрыя, што праз трое сутак яго выпусцяць пад падпіску пра нявыезд. Са словаў суразмоўцы, той дадаў, што дастатковых падставаў для пераводу яго ў СІЗА няма.

— У размовах супрацоўнікаў я чуў, што яны з дапамогай розных электронных сродкаў займаюцца правакацыяй і рассылаюць людзям паведамленні, каб выявіць звязаных з гэтым ботам. Калі мне далі падпісаць паперу, у ёй стаяла ўжо каля 50 подпісаў іншых людзей па гэтай жа справе за план «Перамога», — успамінае ён.

У дакументах, якія даслаў у рэдакцыю «Люстэрка» Дзмітрый, ёсць і пастанова пра завядзенне ў 2021-м годзе справы супраць удзельнікаў тады яшчэ BYPOL за стварэнне «экстрэмісцкага фарміравання» і кіраўніцтва планам «Перамога». У ім жа згаданыя і «нявысветленыя асобы». Пад гэтую фармулёўку трапляюць беларусы, якія прайшлі рэгістрацыю ў чат-боце і падалі свае звесткі, на думку следства, тым самым «увайшоўшы ў экстрэмісцкае фарміраванне і захавалі ў ім свой удзел». У рашэнні гаворыцца, што яны такім чынам «выказалі згоду на супрацьпраўныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі, ажыццявіўшы пошук суўдзельнікаў, змову на здзяйсненне злачынстваў», складанне плана дзеянняў, пошук і прыстасаванне прылад і сродкаў для здзяйснення злачынстваў. Гэта падпадае пад артыкул 361−1 КК РБ (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім).

Дзмітрыю Барайчуку інкрымінавалі ч. 3. гэтага артыкула — удзел у такім фарміраванні. Нібыта расследаванне выявіла, што ён «здзейсніў наўмысныя дзеянні, непасрэдна скіраваныя на ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання «Мабілізацыйны план «Перамога»» з мэтай здзяйснення злачынства экстрэмісцкай скіраванасці».

«Яны дасягаюць мэтаў сваёй так званай прафілактыкі — людзі не будуць рабіць чагосьці такога, рызыкуючы апынуцца там зноў»

Праўда, адразу ж пасля допыту мужчыну перазатрымалі яшчэ раз — ужо па новай крымінальнай справе. Гэтым разам — за каментар у тэлеграм-канале. Справу вяла ўжо іншая следчая. Дзмітрый сцвярджае, што тут яго паказанні зноў атрымалі праз пагрозы.

— Нібыта нейкі чалавек напісаў нейкі каментар супраць нейкага міліцыянта. Нібыта гэта я. Яны паказалі аватарку — той чалавек трохі нагадваў мяне, але гэта быў не я, — кажа суразмоўца. — Мая асноўная мэта была — хутчэй пакінуць гэтыя «гасцінныя сцены». Я ацаніў рызыку, падумаў, што тут усе тэрміны даўнасці мусілі ўжо прайсці, і падпісаў прызнанне ў гэтым учынку. Следчая не ведала, што са мной рабіць, але на наступны дзень сама прыехала да мяне на Акрэсціна, уручыла другую падпіску пра нявыезд і пастанову пра вызваленне. Праз два дні, раніцай 18 студзеня, я апынуўся на волі. Выйшаў падазраваным па дзвюх крымінальных справах, з забаронай пакідаць краіну і поўным неразуменнем, што рабіць далей.

Дзмітрый успамінае, што больш чым тры тыдні ў тых умовах на Акрэсціна і здзекі аказаліся для яго моцным эмацыйным шокам. Пасля на волі ён пачаў заўважаць у сябе прыкметы ПТСР. Тыдзень мужчына пражыў у ізаляцыі ад сям'і і свету.

— Я памятаю адчуванне цягам першых трох тыдняў пасля вызвалення — хацелася зрабіць што заўгодна, каб не апынуцца там зноў. Каб не дацца ім у рукі і мяне не знайшлі. Хоць пад зямлю праваліцца … — апісвае ён свой стан. — Быў перыяд, калі ў мяне была патрэба залезці ў нейкую «пячору», дзе нікога б не было, у цемры і з зачыненымі дзвярыма. Жонка завозіла мяне ў дом у вёсцы, замыкала на маю просьбу там і спецыяльна накідвала ланцуг на замок. Я меў усё неабходнае для харчавання і некалькі дзён так жыў. Мне трэба было проста адысці ад гэтага ўсяго. Я навучыўся жыць з выключаным святлом, каб звонку не было відаць, што ўнутры хтосьці ёсць. Звяртаў увагу на тое, што адбываецца вакол: хто і чаму сядзіць у аўтамабілі без відавочнай прычыны. Рабіў усё, каб маё месцазнаходжанне немагчыма было выявіць і электронным чынам. Гэта страх? Я, здавалася б, не з баязлівых. Гэта проста гарачае жаданне не адчуваць такога досведу зноў. У гэты момант разумееш, што так яны дасягаюць мэтаў сваёй так званай прафілактыкі — людзі не будуць рабіць чагосьці такога, рызыкуючы апынуцца там зноў.

«Калі я ехаў да доктара, думаў, што гэта ныркі, — у карцары прасцей за ўсё было «пакінуць» менавіта іх»

Пасля гэтага сям’я яшчэ больш за паўгода заставалася ў Беларусі — у мужчыны пачаліся праблемы са здароўем. Дзмітрый расказвае, што акрамя ПТСР «вынес з сабой незразумелае ўтварэнне ў поласці жывата». У бальніцы ў яго знайшлі пухліну ў забрушыннай прасторы.

— Наогул, калі я паехаў да доктара, думаў, што гэта ныркі, бо ў карцары прасцей за ўсё было «пакінуць» менавіта іх. Нам у ІЧУ выдавалі гумовыя тапкі, і мы вучыліся, як на іх класціся. Я адзін клаў пад галаву ў якасці падушкі, а другі — пад спіну, каб не вымерзлі ныркі. Так спаў. Таму быў упэўнены, што, нягледзячы на свае намаганні, іх і застудзіў: балела ззаду спіны. А потым выявілася, што гэта нейкае ўтварэнне, — успамінае ён. — Я лічу, што на абвастрэнне стану паўплываў высокі ўзровень стрэсу. Спачатку трывога ў чаканні, што да мяне прыйдуць, потым — усё, што адбывалася ў ІЧУ і ЦІП. Ну і збіццё. Ніколі не ведаеш, як гэта ўскрыецца пазней.

У канцы жніўня 2023-га Дзмітрыю рэкамендавалі як мага хутчэй выдаляць пухліну, але ў сям'і заканчваліся візы, таму вырашылі адразу ехаць у Польшчу. Пасля пераезду падаліся на міжнародную абарону і цяпер чакаюць рашэння ад польскіх уладаў. Ужо ў гэтай краіне мужчыну прааперавалі — выдалілі пухліну з часткай кішачніка. Цяпер ён чакае вынікаў гісталагічнага даследавання і спадзяецца, што ўтварэнне было дабраякасным.

— Арганізм больш-менш аднаўляецца, хоць, вядома, пасля аперацыі я адчуваў сябе як маленькае дзіця, якому трэба вучыцца перасоўвацца, есці, хадзіць у прыбіральню, бо ўсе функцыі былі «прыпыненыя», — кажа суразмоўца. — Ну і нам пашанцавала: паводле польскіх законаў грамадзяне, якія чакаюць рашэння па абароне, лічацца застрахаванымі з медыцынскага пункту гледжання. Таму большую частку выдаткаў па маім лячэнні ўзяла на сябе мясцовая фірма. Я аплаціў толькі некаторыя абследаванні, каб не зацягваць сітуацыю, бо пухліна пастаянна расла.

Дмитрий Борейчук с семьей. Фото предоставлено собеседником
Дзмітрый Барайчук з сям’ёй за мяжой. Фота ад суразмоўцы

Цяпер сям’я асвойваецца ў новай краіне. Малодшыя дзеці, якія пераехалі разам з Дзмітрыем, ужо вучацца ў мясцовых школе і тэхнікуме. Хоць, як прызнаецца мужчына, уладкаваць іх туды без ведання польскай было цяжка. Яго жонка пачала працаваць, але пакуль яшчэ не ведае, ці возьме яе працадаўца ў штат. Сам жа Барайчук шукае варыянты, як адкрыць сваю справу.

— Усё, што ў нас было, мы ўзялі з сабой. Пагрузілі ў старэнькі мікрааўтобус усё адзенне, рэчы, якія маглі б тут спатрэбіцца, каб не марнаваць грошы. Гэта нам моцна дапамагло, — разважае мужчына. — Першы час у Польшчы мы па звычцы ціхенька падыходзілі да вочка і адкрывалі яго так, каб за дзвярыма гэтага не заўважылі. Але хутка прывыклі і ўжо адчуваем сябе даволі спакойна. Адзінае, напэўна, што мне нагадвае пра перажытае, — моцны трэмар у левай у руцэ. Ён з’явіўся пасля Акрэсціна. Часам немагчыма нешта ўзяць — настолькі яна «гуляе». А яшчэ пасля камер у мяне моцна пагоршыўся зрок (можа, каб не бачыць гэта ўсё?), я вымушаны быў надзець акуляры. Ну і мы, вядома, пакуль пастаянна задаём сабе пытанні: як ты не можаш прыехаць у сваю краіну? А на магілы сваякоў? Ну як жа так?! Ты ж усё роўна за мяжой чужы!

Расказваючы сваю гісторыю і ўспамінаючы, што адбылося з ім у Беларусі, мужчына здзіўляецца і іншаму — званням некаторых сілавікоў, якія з ім працавалі ў кабінетах і падчас ператрусаў.

— Калі аналізаваў свае паперы, заўважыў, што адзін з «красаўцаў», што ў мяне праводзілі апошні ператрус, быў падпалкоўнікам, пры гэтым складаў пратакол. Шараговы аператыўнік! — здзіўляецца суразмоўца. — Ведаеце, якое званне ў аднаго з супрацоўнікаў ГУБАЗіКа, які мяне апрацоўваў і наносіў удары, потым завозіў у РАУС? Таксама падпалкоўнік. І следчая, якая мяне адпусціла, ведаеце ў якім званні была? Падпалкоўнік юстыцыі! Вельмі высокае званне. Гэта ўзровень вялікага кіраўніка. Падпалкоўнікам можа быць, напрыклад, начальнік РУУС з парай сотняў людзей падначаленымі. Але ніяк не аператыўны супрацоўнік. Уявіце, якія ў іх заробкі, пенсіі! І гэтыя «падпалкоўнікі» займаюцца тым, што фабрыкуюць справы, якія пры гэтым развальваюцца на вачах. Таму мая пазіцыя такая: пра ўсё трэба расказваць. Людзі павінныя ведаць рэальны стан рэчаў. Бо да цяперашняй сітуацыі мы прывялі сваім маўчаннем і пасіўнасцю. Гэта нашая віна — усіх грамадзян. Мы не павінныя былі маўчаць яшчэ з 2000-га, пасля 2010-га. Мы ўсе баяліся, як бы не стала горш. І вось да чаго ўсё прыйшло.

Чытайце таксама