На мінулым тыдні ў 72-м навучальным цэнтры ў Печах Мінскай вобласці застрэліўся дэсантнік, які праходзіў тэрміновую службу ў войску. Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал «Посмотри, брехня?», а гомельскае выданне «Флагшток» змагло пагаварыць з калегамі салдата, які скончыў жыццё самагубствам. Між тым афіцыйныя рэсурсы Мінабароны пра надзвычайнае здарэнне не паведамляюць дагэтуль. Расказваем, што вядома пра інцыдэнт і што кажуць пра загінулага супрацоўнікі самога навучальнага цэнтра.
Што вядома пра надзвычайнае здарэнне: «За яго ўзяўся галоўны ідэолаг»
Адзін з вайскоўцаў часткі расказаў «Флагштоку», інцыдэнт здарыўся ў ноч з 3 на 4 жніўня. Паводле яго словаў, дэсантнік, які здзейсніў суіцыд, «вынес са стрэльбаў нейкі спецыфічны патрон, галавы ў яго не засталося». Паводле словаў хлопца, загінулы спрабаваў адкасіць ад войска, але не змог.
— Нядаўна ў яго знайшлі ці то нататкі, ці то вершы. З ім пачалі весці працу. За яго ўзяўся галоўны ідэолаг Пячэннік. І пасля гэтага хлопец застрэліўся, — патлумачыў ананімны салдат выданню.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала «МотолькоПомоги», загінулага звалі Ілля. Між тым з 3 да 9 жніўня Мінабароны пра гэты выпадак не паведамляла. Так, у сераду, 9 жніўня, там зрабілі справаздачу пра чарговыя вучэнні — у цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў правялі занятак па пераадоленні воднай перашкоды на бэтээрах сярод кіроўцаў.
Навучальны цэнтр: «Не зусім здаровы быў. Усе працуюць, служаць, усё нармальна»
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў частку як занепакоеная сваячка аднаго з тэрмінавікоў, які там цяпер служыць. Дзяжурны інфармацыю пра суіцыд пацвердзіў і параіў «не панікаваць».
— А як часта са сваім сваяком маеце зносіны, прыязджаеце? Па тэлефоне ён нешта вам расказвае — і вы адразу ж у нейкую паніку, — стаў спачатку пытаць і супакойваць дзяжурны.
— Разумееце, не кожны дзень салдаты страляюцца, дзякуй богу. Як не панікаваць?
— Ну, не кожны дзень. Усякае ў жыцці бывае. Як высветлілася, былі парушэнні ў чалавека. Не зусім здаровы быў. Ну, што — гэта ж ніяк на вашым дзіцяці не адбілася. Не трэба так усё ўспрымаць. У найбліжэйшыя выходныя прыязджайце, пагаварыце з кіраўніцтвам вашай школы, калі так перажываеце, з сынам пагаварыце. Усе працуюць, служаць, усё нармальна.
— Дык, а праверка нейкая будзе праводзіцца ў вас? Гэта ж сур’ёзна, калі са стрэльбаў салдаты выносяць патроны.
— Ён нічога нікуды не выносіў.
— А што здарылася?
— Я не магу па тэлефоне вам сказаць, што здарылася. Ідзе следства. А вашае дзіця таксама пераказвае вам адно, не ведаючы ўсяго, і вы на падставе гэтага робіце нейкія высновы. Ён не ведае падрабязнасцяў. Сказаў, што ведае, наколькі ён гэта разумее, а вы ўжо раздзьмулі з гэтага сур’ёзную праблему. Вы ж дарослыя, сур’ёзныя людзі, мусіце неяк па-іншаму… Ведаеце, як гэтыя дзеці — самі прыдумаюць, перабольшаць, яшчэ дададуць, каб было цікавей.
— А вы не лічыце сур’ёзнай праблемай, што ў вас тэрмінавікі ў вучэбцы страляюцца?
— Вы ж зразумейце, я не кажу, праблема гэта ці не праблема, — я наогул не павінен на гэтую тэму з вамі гаварыць. Я так скажу: нармальныя хлопцы, нармальныя дзеці не страляюцца. А на дадзеным этапе высвятляецца, што ў хлопчыка, можа, не зусім з галавой было ў парадку, ну, гэта [суіцыд] магло адбыцца і дома, і дзе заўгодна. Проста збег абставінаў, разумееце? І вам пра гэта думаць не трэба. Тое, што здарылася, — праблема зусім іншых людзей. Вам трэба думаць пра сваё дзіця, таму прыязджайце, пагаварыце з ім, з камандзірам, даведайцеся, як у яго служба, якія ў яго праблемы, ці ўсё добра — і ўсё стане на свае месцы, усё [будзе] нармальна.
— А чаму не было афіцыйных заяваў ад Мінабароны пра гэты выпадак? Каб бацькі ведалі, што адбываецца.
— Якія могуць быць афіцыйныя версіі, калі ідзе расследаванне, следства? Я вам проста кажу як яно ёсць — па тых фактах было нешта не ў парадку ў чалавека.
— Разумееце, на выходных прыедзеш да салдата, пабудзеш, а потым ён застаецца там у вас адзін — і здараюцца такія выпадкі. Перажываеш, раптам яшчэ хтосьці знойдзе нейкі патрон.
— Ну, калі нармальнае дзіця, праблем не было, чаго яно мусіць шукаць гэтыя патроны?
— Той загінулы хлопец неяк жа трапіў у войска, таксама праверкі праходзіў.
— Трапіў, неяк трапіў… Гэта ўжо пытанне іншае, як ён трапіў у войска, — пасля паўзы адказаў дзяжурны і яшчэ раз параіў наведваць свайго сваяка-салдата ў частцы, быць на сувязі з камандзірам, які «бліжэйшы да яго», і не перажываць.
У Беларусі з пачатку года гэта ўжо трэці суіцыд у вайсковых частках. Увесну «Люстэрка» расказвала пра суіцыд 20-гадовага салдата 38-й Брэсцкай асобнай дэсантна-штурмавой брыгады. Інцыдэнт здарыўся ў сакавіку. У тым жа месяцы ў аддзяленні памежнага кантролю «Высока-Літоўск» у Камянецкім раёне знайшлі цела яшчэ аднаго тэрмінавіка. Дзяржпамежкамітэт паведаміў, што 19-гадовы салдат здзейсніў суіцыд.
Калі вам нешта вядома пра загінулага ў Печах салдата ці яго сям’ю, абставіны таго, што здарылася, пішыце, калі ласка, нам у тэлеграм. Мы гарантуем ананімнасць.
Чытайце таксама


