Сястра лідара КНДР Кім Ё Чжон заявіла, што Паўночная Карэя не скіроўвала Мінску прапановы пра арганізацыю сустрэч на найвышэйшым узроўні, пра якую напярэдадні казаў Аляксандр Лукашэнка, піша Цэнтральнае тэлеграфнае агенцтва Карэі.
Адзначаецца, што Лукашэнка 17 студзеня заявіў, што розныя азіяцкія краіны, у тым ліку КНДР, скіравалі Мінску свае прапановы пра арганізацыю сустрэч на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва. Аднак намесніца дырэктара аддзела прапаганды і агітацыі Цэнтральнага камітэта Працоўнай партыі Карэі Кім Ё Чжон абвергла словы палітыка.
«Добра ведаю, што беларускі бок яшчэ не менш чым два гады таму настойліва спадзяваўся на кантакт з КНДР на найвышэйшым узроўні. Што да паведамлення ТАСС пра заяву [Лукашэнкі], што мы скіравалі Мінску прапанову пра сустрэчу на найвышэйшым узроўні для абмеркавання пытанняў супрацоўніцтва, па-мойму, не было такой прапановы», — заявіла Кім Ё Чжон.
Сястра лідара КНДР дадала, што спадзяецца на развіццё супрацоўніцтва з Беларуссю, але для гэтага Мінск мусіць «абазначыць свой ясны намер».
«Калі беларускі бок, зыходзячы з гэтай пазіцыі, імкнецца да развіцця дружалюбных і супрацоўніцкіх адносін з намі, мы не будзем адмаўляцца ад гэтага, а з задавальненнем вітаць», — падсумавала Кім Ё Чжон.