Сейм Літвы 25 красавіка падоўжыў на год абмежаванні ў дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі праз агрэсію супраць Украіны. У канчатковы варыянт закона не ўвайшлі папраўкі пра пазбаўленне беларусаў ВНЖ за частыя паездкі на радзіму, але дэпутаты ўхвалілі прапанову падвяргаць грамадзян нашай краіны дадатковым праверкам.
Закон пра санкцыі супраць беларусаў і расіян дапоўнілі забаронай на ўвоз у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў, краіны паходжання якіх — Беларусь ці Расія. Канкрэтны пералік гэтых тавараў будзе зацверджаны ўрадам Літвы.
Акрамя таго, ухваленая прапанова дадаткова правяраць беларусаў, якія прыбываюць у Літву з Беларусі і Расіі.
Разам з тым Сейм вырашыў не забараняць грамадзянам Беларусі набываць нерухомасць у Літве. Таксама з канчатковага праекта выключылі палажэнне пра тое, што ў беларусаў і расіян будуць ануляваць ВНЖ, калі яны публічна распаўсюджваюць ілжывую інфармацыю, якая супярэчыць інтарэсам грамадства ці дзяржавы, або ўхваляюць міжнародную агрэсію.
Беларусы і расіяне па-ранейшаму пазбаўленыя магчымасці атрымліваць літоўскія візы і статус электроннага рэзідэнта, а грамадзянам Расіі створаныя дадатковыя цяжкасці пры ўездзе ў Літву, набыцці нерухомасці, іх заявы на атрыманне віду на жыхарства ў Літве часова адхіляюцца. Для грамадзян Беларусі абмежаванні застаюцца мякчэйшымі.
Нагадаем, Сейм Літвы яшчэ 23 красавіка адхіліў абедзве папраўкі пра пазбаўленне ВНЖ беларусаў, якія занадта часта ездзяць на радзіму — больш за адзін раз на год альбо часцей, чым раз на тры месяцы.
Прыняты сёння закон пра нацыянальныя санкцыі будзе дзейнічаць да 2 траўня 2025 года, яго яшчэ мусіць падпісаць прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Паводле звестак Дэпартамента міграцыі Літвы, на гэты момант від на жыхарства ў Літве маюць 62 884 грамадзяніны Беларусі і 15 678 грамадзян Расіі.
Чытайце таксама