Праз электронны аўкцыён «БелЮрзабяспечанне» другі раз спрабуюць прадаць нерухомасць Валерыя Цапкалы — трохпакаёвую кватэру з машына-месцам у Мінску. Так, 9 красавіка ў 9.00 пачаліся таргі па продажы гэтай нерухомасці. Гэтым разам знайшлося трое ахвочых набыць гэтае жыллё. Таргі будуць працягвацца, як плануецца, да 18.00. У іх могуць узяць удзел толькі зарэгістраваныя загадзя ўдзельнікі. Нагадаем, першапачатковую цану маёмасці знізілі ў параўнанні з папярэднімі таргамі: у першы раз ахвочых набыць гэта жыллё не знайшлося.
Трохпакаёўка, па якой даўжніком зарэгістраваны Цапкала Валерый Вільямавіч, знаходзіцца ў доме № 5 на вуліцы Чарнышэўскага. Агульная плошча жылля — 103,7 кв.м. У кватэры зарэгістраваны адзін чалавек. Разам з жыллём прадаецца паркавальнае месца на падземнай аўтастаянцы. Адзначаныя наступныя абцяжаранні: арышт следчых органаў, забарона рэгістрацыйных дзеянняў рэгістравальнага органа, судовага выканаўцы.
Гэтым разам першапачатковую цану маёмасці знізілі да 286 753 рублёў 76 капеек. Гэта больш чым на 71 000 рублёў ніжэй за мінулую цану.
Першая стаўка на гэтых таргах склала 301 091,45 рубля. Аўкцыён, як плануецца, працягнецца да 18.00 9 красавіка. У ім могуць удзельнічаць толькі зарэгістраваныя загадзя ўдзельнікі — іх трое.
Нагадаем, першы раз трохпакаёвую кватэру, якая належыць Валерыю Цапкалу, выстаўлялі на аўкцыён 12 лютага. Пачатковы кошт маёмасці складаў 358 442 рублі 20 капеек. Таргі прызначылі на 27 лютага, але яны не адбыліся: не было ахвочых яе купіць.
Жонка Валерыя Цапкалы Вераніка адзначала раней, што нерухомасць належыць не толькі яе мужу, але таксама ёй і іх няпоўнагадовым дзецям. На яе думку, рашэннем выставіць на таргі нерухомасць парушаецца ў тым ліку Канстытуцыя. Жанчына заклікала Следчы камітэт і пракуратуру правесці расследаванне з нагоды продажу нерухомасці.
Валерый Цапкала ў мінулым кіраваў беларускім Паркам высокіх тэхналогій. Для ўдзелу ў прэзідэнцкай кампаніі 2020 года ён сабраў ініцыятыўную групу, ездзіў па краіне. Аднак ЦВК адмовіў яму ў рэгістрацыі праз тое, што сабраных подпісаў пасля праверкі аказалася менш за сто тысяч. Калі палітыка не дапусцілі да ўдзелу ў выбарах, яго жонка Вераніка далучылася да аб’яднанага штаба Святланы Ціханоўскай.
Валерый Цапкала пакінуў краіну ў ліпені 2020 года, асцерагаючыся пераследу. 9 жніўня з Беларусі з’ехала і Вераніка. Сям’я Цапкалаў асталявалася ў Латвіі.
На радзіме Валерыя Цапкалу завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Нагадаем, у пачатку красавіка 2024 года стала вядома, што ў Мінску суд Партызанскага раёна прызнаў нікчэмнай угоду па адчужэнні жылога дома, гэтага дабівалася пракуратура. Прэтэнзіі ўзніклі да мінчука, які ў 2020 годзе перадаў жыллё лізінгавай кампаніі за 280 тысяч рублёў, але працягваў у ім жыць, аформіўшы дамову арэнды. Пракуратура палічыла, што сума ўгоды моцна заніжаная, а мужчына пазбавіўся ад жылля, каб яго не забрала дзяржава. Пра каго канкрэтна ідзе гаворка, не паведамляецца. Аднак з паведамлення пракуратуры можна зрабіць выснову, што, хутчэй за ўсё, гісторыя пра дом сям'і Цапкалаў — Валерыя і Веранікі.
Чытайце таксама