Аляксандр Мілінкевіч не ведае дакладна, калі ў яго доме ў вёсцы Бершты Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці прайшоў ператрус. Пра тое, што памяшканне апячатанае, знаёмыя паведамілі яму ў пятніцу. Найбліжэйшым часам палітык плануе звярнуцца ў следчыя органы, каб даведацца, у чым прычына таго, што адбылося.
— Інфармацыі ў мяне амаль няма, ведаю, што дакладна быў ператрус, — каротка каментуе сітуацыю Аляксандр Мілінкевіч.
Пра прычыну ператрусу яму нічога не вядома. Найбліжэйшым часам палітык плануе пракансультавацца з праваабаронцамі і напісаць у следчыя органы. Хоча даведацца, з якой прычыны да яго прыходзілі сілавікі і чаму яму пра гэта не паведамілі.
— Усё ж я не хаваюся нідзе. Усе ведаюць, што я працую ў Варшаўскім універсітэце. Раблю праект «Свабодны беларускі ўніверсітэт», — тлумачыць суразмоўца. — У Берштах усе пра гэта ведаюць. Вы ведаеце, як у вёсцы, калі расказваю некаторым, ужо ведаюць усе. Мясцовым уладам і структурам добра вядома, што можна са мной звязацца. Адчынілі б ім гэтыя дзверы, калі ў іх ёсць ордар. Па-бандыцку трохі атрымалася.
Паводле здагадкі самога палітыка, ператрус, імаверна, звязаны з яго грамадскай і палітычнай дзейнасцю. З верасня гэтага года Аляксандр Мілінкевіч стаў пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай.
Дом у вёсцы Бершты палітык пабудаваў у пачатку 1990-х. Апошні раз сам ён там быў гады два таму.
— Раней я там бываў часта і падоўгу, — кажа Мілінкевіч. — Цяпер домам карыстаюцца мае сябры, калі прыязджаюць рыбу палавіць у возеры добрым. Час ад часу туды заходзяць сваякі, глядзяць. А так ён фактычна пустуе.
Тое, што сілавікі прыйшлі ў дом, палітык успрыняў хваравіта, бо гэта радзіма яго дзядоў і прадзедаў, дзе прайшло яго дзяцінства.
— У доме няма вялікіх матэрыяльных каштоўнасцяў, там вельмі сціплы дом. Але там захоўваюцца сямейныя дакументы ад дзядоў, прадзедаў, бацькоў, сямейныя альбомы, старадаўняя бібліятэка. Мне ўсё гэта баліць. Баліць проста таму, што ботам па душы прайшліся, — заключае ён.
Аляксандр Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2006 годзе. На хвалі паслявыбарчых пратэстаў ён заснаваў Рух «За Свабоду!». Ён быў афіцыйна зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі 17 студзеня 2008 года (гэта была чацвёртая спроба рэгістрацыі, у трох папярэдніх выпадках Мінюст прымаў адмоўныя рашэнні).
У 2016 годзе на пасадзе лідара руху Аляксандра Мілінкевіча памяняў яго намеснік Юрась Губарэвіч. 19 лістапада 2021 года Вярхоўны суд Беларусі прыняў рашэнне ліквідаваць арганізацыю.