У эканоміцы Беларусі за жнівень зноў вырасла агульная сума наяўных грошай у абароце. На пачатак верасня гэты паказчык склаў 8 млрд 938,2 млн рублёў, паведамляе Нацбанк. Гэта чарговы рэкорд. Пры гэтым у жніўні быў зафіксаваны прыкметны скачок — больш чым на 3 млрд рублёў — шырокай грашовай масы. Гаворка пра сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў на рахунках у банках і наяўныя ў звароце. Гэта таксама рэкордны рост.
За жнівень агульная сума наяўных грошай у абароце павялічылася на 111,9 млн рублёў — да 8 млрд 938,2 млн рублёў. Для параўнання: на пачатак гэтага года гэты паказчык быў на ўзроўні 6 млрд 893,6 млн рублёў. За ліпень прырост быў на ўзроўні 251,9 млн рублёў.
У цэлым за 2022 год агульная сума наяўных грошай у абароце павялічылася на 2 млрд 173,2 млн рублёў.
Шырокая грашовая маса за жнівень рэкордна вырасла — на 3 млрд 62,7 млн рублёў. Гаворка пра сродкі насельніцтва і прадпрыемстваў на рахунках у банках, а таксама наяўныя грошы ў абароце. На 1 верасня шырокая грашовая маса склала 68 млрд 929,8 млн рублёў. Нагадаем, за ліпень гэты паказчык знізіўся на 1 млрд 141,2 млн рублёў, а за чэрвень — вырас на 2 млрд 994,9 млн рублёў. За 2022 год шырокая грашовая маса павялічылася на 6 млрд 887,6 млн рублёў.
Што за друкавальны станок, пра які кажуць? Нацбанк можа ўзяць і надрукаваць грошы?
У нашай краіне Нацбанк рэгулюе аб’ём грошай, які патрабуецца эканоміцы. Ён вызначае, ці праводзіць эмісію грошай, то-бок дадатковы выпуск грошай у абарачэнне — як наяўных, так і безнаяўных. Эмісія, калі зусім спрасціць, можа праходзіць па двух сцэнарах — умоўна пазітыўным і ўмоўна негатыўным. Першы варыянт — прадуманае, абгрунтаванае ўліванне грошай у эканоміку, гэта робяць з улікам рэальных патрэбаў. Да прыкладу, калі ў эканоміцы назіраецца недахоп грошай, Нацбанк дае іх банкам у доўг, а калі паўсталі лішкі, то ўжо рэгулятар пазычае ў фінустановаў, каб урэгуляваць аб’ём грошай у абароце.
Прывядзём яшчэ адзін прыклад. Сёлета Нацбанк шэсць разоў зніжаў стаўку рэфінансавання. Да гэтага паказчыку прывязаныя стаўкі па некаторых крэдытах. Таксама Нацбанк неаднаразова сёлета зніжаў працэнтную столь па банкаўскіх крэдытах для насельніцтва і юрыдычных асоб. Усё гэта прывяло да падзення працэнтных ставак па банкаўскіх пазыках і ў выніку — да росту крэдытавання, то-бок да павышанага попыту на грошы ў эканоміцы. У гэтым выпадку Нацбанк можа звярнуцца да ўлівання дадатковых грошай у эканоміку, каб закрыць павышаны попыт на іх.
Другі варыянт з’яўлення дадатковых сродкаў у эканоміцы — выпусціць нічым не падмацаваныя грошы (да прыкладу, калі яны не суправаджаюцца ростам золатавалютных рэзерваў або валютнымі паступленнямі за кошт экспарту). Гэта пагражае ў будучыні сур’ёзнымі праблемамі. Звычайна гэты варыянт і маюць на ўвазе, калі кажуць пра друкавальны станок. Для чаго гэта робяць? Як правіла, каб аператыўна вырашыць нейкія праблемы.
Да прыкладу, улады могуць заявіць, што да канца года сярэдні заробак вырасце да 1000 даляраў у эквіваленце. Калі аб’ектыўных прычын для гэтага няма (да прыкладу, росту прадукцыйнасці працы, выпуску і продажаў прадукцыі), а выканаць папулісцкае абяцанне трэба, то ў эканоміку могуць «уліць» нічым не падмацаваныя сродкі. Альбо ўраду могуць спатрэбіцца дадатковыя грошы на крэдытаванне стратных сельгас- ці прамысловых прадпрыемстваў. Для гэтага таксама могуць пайсці на ўліванні.
Планавае абнаўленне банкнот, каб замяніць зношаныя, мы выносім за дужкі.
Чытайце таксама