Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Указам Аляксандра Лукашэнкі «Аб парадку выдачы дакументаў і ажыццяўлення дзеянняў» беларускія ўлады фактычна самаўхіліліся ад выканання значнай і вельмі важнай часткі консульскіх паслуг. Замест таго каб забяспечваць канстытуцыйныя правы грамадзян і абараняць іх інтарэсы, органы дзяржаўнай улады працягваюць усё больш і больш ускладняць многім з іх жыццё. І немагчымасць атрымаць пашпарт за мяжой, якую шырока абмяркоўваюць у грамадстве, — далёка не адзіная з магчымых праблем. Вось яшчэ некалькі сітуацый, у якіх беларусы могуць сутыкнуцца з негатыўным эфектам ад новага ўказа Лукашэнкі.

Падарожжы і жыццё за мяжой

Самым відавочным чынам новы ўказ «б'е» па людзях, якія любяць падарожнічаць альбо вымушаныя перасякаць межы па працы, сямейных абставінах або з любой іншай прычыны. Немагчымасць падоўжыць тэрмін дзеяння пашпарта ці атрымаць новы вельмі моцна ўскладняе перасоўванне з адной краіны ў іншую. Законнае перасячэнне межаў — утылітарная функцыя пашпарта, бо менавіта для яе гэтыя дакументы і былі прыдуманыя.

Фото: schiphol.nl
Рэгістрацыя на рэйс у міжнародным аэрапорце Схіпхол у Нідэрландах. Фота: schiphol.nl

Акрамя таго, адсутнасць дзейнага пашпарта стварае праблемы і для легальнага знаходжання ў замежнай дзяржаве. Без яго, як правіла, вельмі складана атрымаць законнае права жыць і працаваць у іншай краіне. Больш за тое, у многіх дзяржавах (напрыклад, у Польшчы) беларус заўсёды абавязаны мець пры сабе дзейны дарожны дакумент.

Уладкаванне на працу і атрыманне адукацыі

Пасведчанні аб заканчэнні навучальных установаў і дыпломы ў многіх выпадках неабходныя для ўладкавання на працу ці атрымання далейшай адукацыі. Калі беларус, які з’ехаў за мяжу, не меў такога дакумента (напрыклад, згубіў) — яго прадстаўнік па аформленай у тым жа пасольстве даверанасці раней мог яго замовіць, атрымаць і перадаць.

Фото: TUT.BY
Беларускія дыпломы. Фота: TUT.BY

У адпаведнасці з новым указам, калі перад ад’ездам з Беларусі грамадзянін не паспеў зрабіць адпаведную даверанасць на месцы або яе тэрмін скончыўся — для атрымання дубліката яму неабходна будзе вярнуцца ў краіну.

Страта дакументаў, неабходнасць іх легалізацыі і ўступленне ў шлюб

У папярэднім пункце мы ўжо згадалі пра тое, што ў выпадку, калі беларус страціць дакументы аб адукацыі (або іх у яго, дапусцім, скрадуць), то аднавіць іх цяпер можна будзе толькі вярнуўшыся ў Беларусь. Гэта справядліва і для пасведчанняў актаў грамадзянскага стану, якія ў розных краінах патрабуюцца пры падачы падатковых дэкларацый, афармленні дапамог, відаў на жыхарства, уладкаванні дзяцей у школы, універсітэты, дзіцячыя садкі, уступленні ў права атрымання ў спадчыну і гэтак далей. Да іх ліку адносяцца пасведчанні аб нараджэнні, аб шлюбе, пасведчанні ўстанаўлення бацькоўства або мацярынства, скасавання шлюбу, усынаўлення, удачарэння, змены прозвішча або імені.

Бланк свидетельства о рождении БССР. Фото: rusdoc.site
Бланк пасведчання аб нараджэнні БССР. Фота: rusdoc.site

У адпаведнасці з новым указам Лукашэнкі, атрымаць гэтыя дакументы паўторна (альбо аформіць даведку са звесткамі з іх) можна будзе толькі вярнуўшыся ў Беларусь. Вяртанне спатрэбіцца і для таго, каб пацвердзіць адсутнасць запісу такога акта — што можа спатрэбіцца ў некаторых краінах, напрыклад, пры ўступленні ў шлюб (калі трэба будзе даказаць, што вы на гэты момант не жанатыя альбо не замужам).

Акрамя таго, Лукашэнка сваім указам адабраў у пасольстваў і консульстваў права легалізацыі афіцыйных дакументаў, то-бок прастаўлення апастыляў. Без іх беларускія дыпломы і пасведчанні актаў грамадзянскага стану проста несапраўдныя ў большасці краін свету. Цяпер падаць паперы для прастаўлення апастылю можна будзе толькі ўнутры Беларусі. І зрабіць гэта ўладальнік дакумента зможа альбо асабіста, альбо з дапамогай даверанасці — зноў жа, аформленай унутры краіны.

Кіраванне нерухомасцю і прапіскай

Новы ўказ прадугледжвае, што толькі асабіста альбо з дапамогай аформленай у Беларусі даверанасці можна падаваць і дакументы на дзяржаўную рэгістрацыю жылых дамоў і памяшканняў, капітальных будынкаў і зямельных участкаў. Гэтыя ж правілы распаўсюджваюцца на працэдуру рэгістрацыі грамадзян па месцы жыхарства / месцы знаходжання (у штодзённасці гэтую працэдуру часта называюць прапіскай).

Фото: TUT.BY
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Прасцей кажучы, прадаць кватэру, дом або ўчастак, якія знаходзяцца ў вас ва ўласнасці, цяпер будзе можна толькі прыехаўшы ў краіну.

Валоданне аўтамабілямі

Закранулі новаўвядзенні і ўладальнікаў аўтамабіляў. Цяпер без асабістай прысутнасці альбо без даверанасці, выдадзенай унутры Беларусі, нельга будзе рэгістраваць ці здымаць з уліку аўтамабілі і матацыклы. Гэта таксама фактычна адмяняе магчымасць іх легальнага продажу з-за мяжы.

Кіраванне мацярынскім капіталам

Для шматдзетных сем’яў, якія выехалі з Беларусі, становіцца немагчымым «дыстанцыйнае» ажыццяўленне дзеянняў, звязаных з матчыным капіталам.

Снимок используется в качестве иллюстрации. Фото: Josh Willink, pexels.com
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: Josh Willink, pexels.com

Нагадаем, што ў 2023 годзе беларускія сем'і пры нараджэнні трэцяга і наступнага дзяцей могуць прэтэндаваць на атрыманне 29 950 рублёў. Гэтая сума налічваецца на спецыяльны банкаўскі рахунак, і скарыстацца ёю можна пасля дасягнення дзіцем 18-годдзя — або ў некаторых выпадках датэрмінова (напрыклад, для куплі або рэканструкцыі жылля, пагашэння пазыкаў па жыллёвых крэдытах, навучання ў дзяржаўных ВНУ і аплаты медыцынскіх паслуг).

Згодна з указам Лукашэнкі, для падачы заявы на прызначэнне мацярынскага капіталу і на рашэнне яго выкарыстоўваць (як датэрмінова, так і пасля дасягнення 18 гадоў дзіцем) шматдзетным беларусам, якія знаходзяцца за мяжой, цяпер трэба будзе вярнуцца ў краіну.

Чытайце таксама