Камітэт Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) абмяркуе пытанне пра прыраўноўванне абмежаванняў для беларускіх грамадзян да тых, якія цяпер дзейнічаюць для расіян, паведаміў старшыня камітэта Лаўрынас Кашчунас, піша LRT.
Ён паведаміў, што ў панядзелак абмеркаваў гэтае пытанне з прэзідэнтам краіны Гітанасам Наўседам.
— Мы гаварылі, вядома, пра «Вагнера», мы гаварылі пра нашую падрыхтоўку, мы гаварылі пра тое, каб прыраўняць беларускіх грамадзян да расійскіх у абмежаваннях і мерах, — сказаў Каршчунас журналістам пасля сустрэчы. — Гэта думка прэзідэнта, якая мне не чужая, таму я хачу адразу сказаць, што я з ёй згодны, і ў сераду мы будзем гаварыць у камітэце пра план прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, і акрамя таго, я абавязкова прапаную чальцам камітэта з розных фракцый абмеркаваць, што мы думаем пра тое, каб дапоўніць закон пра абмежавальныя меры што да грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Кіраўнік камітэта выказаў надзею, што пасля таго, як у Беларусі пачала дзейнічаць расійская група «Вагнер», у Сейме з’явіцца падтрымка такой ініцыятывы.
Раней на гэтую тэму выказаўся дарадца прэзідэнта Літвы Дарус Урбонас. Ён заявіў, што падставы для розных падыходаў да грамадзян Беларусі і Расіі з пункту гледжання пагрозы нацбяспецы, якая можа вынікаць з іх знаходжання ў Літве, адсутнічаюць.
Нагадаем, некалькі месяцаў таму ў Літве праз вайну ва Украіне на абмеркаванне дэпутатам вынеслі законапраект пра абмежаванні. У ім прапаноўвалася спыніць прыём заяваў ад грамадзян Беларусі і Расіі на атрыманне літоўскага грамадзянства, ВНЖ, візаў і ўвесці іншыя санкцыі. Пасля таго як у грамадскае абмеркаванне ўключылася Святлана Ціханоўская, частку абмежаванняў для беларусаў з законапраекта ўдалося выключыць, і дэпутаты ўхвалілі змякчаны варыянт.
Наўседа наклаў на яго вета і вярнуў на паўторны разгляд, заклікаўшы лічыць і Расію, і Беларусь краінамі-агрэсарамі. Ён прапанаваў парламентарыям зраўнаваць абмежаванні для расіян і беларусаў, а таксама спрасціць дэпартацыю і ануляванне ўжо выдадзеных нацыянальных візаў і ВНЖ. У выніку Сейм адхіліў вета і прыняў закон без паправак, у больш мяккім для беларусаў варыянце.
Чарговыя дыскусіі па гэтым пытанні пачаліся пасля таго, як Беларусь прыняла наймітаў ПВК Вагнера. У Літве асцерагаюцца, што ў краіну пад выглядам беларусаў і расіян, якія ратуюцца ад пераследу, могуць трапіць вагнераўцы.
Чытайце таксама