Пасля ўчорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна толькі двум журналістам дазволілі задаць ім пытанні. Расійскі карэспандэнт спытаў пра футбол і цэнаўтварэнне на газ, беларуская супрацоўніца тэлеканала — пра імавернае паглынанне Расіяй Беларусі. Але нават за кароткі час, які занялі адказы на гэтыя нешматлікія пытанні, абодва палітыкі агучылі вельмі шмат непраўдзівай, адкрыта ілжывай інфармацыі. Тлумачым на канкрэтных прыкладах.
«Няма зацікаўленасці каго б там ні было „паглынаць“»
«У Расіі няма зацікаўленасці каго б там ні было „паглынаць“, у гэтым проста няма мэтазгоднасці», — сказаў Пуцін, адказваючы на пытанне прадстаўніцы беларускага тэлеканала.
Гэтыя словы ў кантэксце апошніх гадоў расійскай гісторыі гучаць дзіўна. Яшчэ ў 2008-м Расія зайшла на тэрыторыю Грузіі. Гаворка ішла пра канфлікт афіцыйнага Тбілісі з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй — за савецкім часам гэтыя аўтаномныя рэспублікі, якія ўваходзілі ў склад Грузінскай ССР, патрабавалі павышэння свайго статусу. У пачатку 1990-х яны — пасля вайны з Грузіяй — абвясцілі незалежнасць, якую ніхто не прызнаў. У зону баявых дзеянняў тады ўвайшлі міратворчыя войскі, аснову якіх складалі расіяне. У нулявыя гады прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі ўзяў курс на аднаўленне тэрытарыяльнай цэласнасці краіны, а Расія ў той жа час актыўна давала сваё грамадзянства жыхарам дзвюх непрызнаных тэрыторый і шчодра спансаравала рэспублікі, якія знаходзіліся пад яе поўным кантролем.
8 жніўня 2008 года грузінскія войскі пачалі абстрэл, а затым і штурм асяцінскай сталіцы Цхінвалі. Саакашвілі пазней тлумачыў, што расійскія войскі яшчэ 7 жніўня нібыта прайшлі праз памежны Рокскі тунэль, таму Грузія абаранялася ад акупацыі. У сваю чаргу Расія тлумачыла ўвод войскаў неабходнасцю выратаваць сваіх грамадзян, бо Саакашвілі нібыта «рыхтаваў вайну ў Паўднёвай Асеціі з 2004 года» і планаваў «генацыд жыхароў Асеціі». Пазней камісія ЕС па расследаванні абставінаў расійска-грузінскага канфлікту не пацвердзіла тэзісаў абодвух бакоў.
За некалькі сутак расіяне выціснулі грузінскіх вайскоўцаў з Паўднёвай Асеціі і з Кадорскай цясніны ў Абхазіі. 11 жніўня яны занялі некаторыя раёны Грузіі. 12 жніўня ў Маскву прыляцеў тагачасны прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі, які старшыняваў у Еўрасаюзе. Ён узгадніў з тагачасным прэзідэнтам Расіі шэсць пунктаў плана, які атрымаў назву план Мядзведзева-Сарказі. Пасля таго як дакумент быў падпісаны, 22 жніўня Расія вывела свае войскі з Грузіі. Але войскі РФ засталіся ў Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. Гэтыя тэрыторыі фактычна знаходзяцца пад поўным расійскім кантролем. Сёлета ў Паўднёвай Асеціі нават планаваўся рэферэндум аб уваходжанні ў склад Расіі, аднак у выніку ён так і не адбыўся.
Наступны этап расійскай агрэсіі — падзеі 2014 года ў Крыме і на ўсходзе Украіны. Пасля падзей Майдана, калі ўкраінцы зрынулі прэзідэнта Віктара Януковіча, на паўвостраве пачаліся пратэсты прарасійскіх сіл. 27 лютага 2014-га там з’явіліся «зялёныя чалавечкі». Узброеныя людзі ў камуфляжнай форме без апазнавальных знакаў захоплівалі стратэгічныя аб’екты, а таксама дзяржаўныя будынкі аўтаномнай рэспублікі, у тым ліку і парламент. Дэпутаты, якія аказаліся пад іх кантролем, прызначылі новым прэм’ерам прарасійскага палітыка Сяргея Аксёнава. 28 лютага «зялёныя чалавечкі» заблакавалі аэрапорт Сімферопаля, вайсковыя часткі і стратэгічныя дзяржпрадпрыемствы. Фактычна Крым аказаўся адрэзаны ад сувязі з вонкавым светам.
У сакавіку 2014 года Уладзімір Пуцін заявіў, што «зялёныя чалавечкі ў Крыме» — гэта прадстаўнікі «мясцовых сіл самаабароны», а іх форму, так падобную да расійскай, можна купіць «у любой краме». Пазней прэзідэнт Расіі прызнаўся, што на паўвостраве з самага пачатку крызісу дзейнічалі расійскія вайскоўцы і што Расія нібыта ніколі гэтага і не хавала. Пуцін сцвярджаў, што аддаў загад пачаць аперацыю 23 лютага пасля эвакуацыі Януковіча. Але нават на медалях «За вяртанне Крыма», выпушчаных Мінабароны РФ, стаяла іншая дата: 20.02.14−18.03.14 — гэта ўскосна пацвярджае, што падрыхтоўка да аперацыі пачалася яшчэ да зрынання ўкраінскага прэзідэнта.
У гэтых умовах, без магчымасці абмеркавання і агітацыі за альтэрнатыўнае вырашэнне пытання, на паўвостраве 16 сакавіка прайшоў рэферэндум. Нібыта 96,57% прагаласавалі за далучэнне да Расіі. 18 сакавіка афіцыйная Масква і самаабвешчаная за дзень да гэтага рэспубліка Крым падпісалі дамову аб далучэнні паўвострава да Расіі. Але Генеральная асамблея ААН не прызнала законнасці рэферэндуму і пацвердзіла суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ў яе міжнародна прызнаных межах.
Трэці прыклад — сітуацыя на ўсходзе Украіны вясной таго ж 2014 года. У сакавіку ў шэрагу гарадоў па крымскім сцэнары пачаліся прарасійскія мітынгі. У выніку былі абвешчаныя так званыя Данецкая і Луганская народныя рэспублікі. Адказам украінскіх уладаў стала антытэрарыстычная аперацыя. У сярэдзіне жніўня Данецк і Луганск трапілі ў акружэнне, справа ішла да перамогі Кіева. Нечакана «сепаратысты» атрымалі падмацаванне — многія ўкраінскія вайскоўцы трапілі ў акружэнне.
Украіна і Захад заявілі, што у падзеі ўмяшалася Расія. Напрыклад, у верасні 2014-га найвышэйшы выканаўчы орган Савета Еўропы — Камітэт міністраў — прызнаў прысутнасць расійскіх войскаў ва Украіне і заклікаў Маскву вывесці іх. «Украінскі бок пачаў рэгулярна публікаваць доказы ўдзелу расійскіх вайскоўцаў у канфлікце. Масква кожны раз абвяргала гэтыя звесткі, называючы загінулых у баі дэсантнікаў добраахвотнікамі, якія ўзялі адпачынак, а палонных — удзельнікамі памежных вучэнняў, якія заблукалі на тэрыторыі Украіны», — пісаў РБК. «Мы ніколі не казалі, што там няма людзей, якія займаюцца вырашэннем пэўных пытанняў, у тым ліку ў ваеннай сферы, але гэта не значыць, што там прысутнічаюць рэгулярныя расійскія войскі», — гаварыў Пуцін, які фактычна прызнаў прысутнасць у рэгіёне расійскіх вайскоўцаў.
Неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў Расіі загаварылі пра магчымае далучэнне захопленых ўкраінскіх земляў да РФ па крымскім сцэнары. У выніку ў самаабвешчаных ДНР і ЛНР, а таксама на частцы тэрыторыі Запарожскай і Херсонскай абласцей у верасні сапраўды прайшлі «рэферэндумы», па выніках якіх гэтыя тэрыторыі пазней таксама былі ўключаныя ў склад Расіі.
Таму, кажучы, што РФ не хоча нікога паглынаць, прэзідэнт Пуцін як мінімум трохі хітруе — рэальнасць сведчыць роўна пра адваротнае.
«Робяць яны гэта, каб не атрымаць эфектыўных і небяспечных для іх канкурэнтаў на сусветных рынках»
Поўная цытата Пуціна (у адказе на ўсё тое ж пытанне пра паглынанне Беларусі Расіяй) гучыць так: «Усё астатняе — гэта наноснае. Лухта. Гэта спробы нашых нядобразычліўцаў затармазіць наш працэс інтэграцыйны. А робяць яны гэта толькі для таго, каб не атрымаць эфектыўных і небяспечных для іх канкурэнтаў на сусветных рынках. Вось і ўсё».
Тлумачэнне ўсяго на свеце, у тым ліку крытыкі беларуска-расійскай інтэграцыі, спробамі стрымаць эканамічны рост Расіі і яе саюзнікаў — даволі распаўсюджаны тэзіс Пуціна. Але і гэта няпраўда.
Першыя эканамічныя санкцыі супраць РФ былі ўведзеныя ў 2014-м пасля расійскай анексіі Крыма, а таксама ўмяшання ў справы Данбаса. Цягам лета — восені таго года ў амерыканскі спіс трапілі «Раснафта», «Наватэк», «Знешэканомбанк», «Газпрамбанк», «Газпрам», «Лукойл», «Транснафта», «Газпрамнафта», «Сургутнафтагаз», шэраг ваенных карпарацый і канцэрнаў. Забаранялася пастаўка ў Расію абсталявання для глыбіннай здабычы нафты і газу. Еўрапейскі саюз сярод іншага ўвёў забарону на інвестыцыі ў інфраструктурныя, транспартныя і энергетычныя сектары Расіі. Еўрапейскім кампаніям забаранілі пастаўку абсталявання для гэтых сектараў, а таксама аказанне фінансавых паслуг кампаніям з інфраструктурнага, транспартнага і энергетычнага сектара Расіі.
Як адзначала Бі-Бі-Сі Украіна, у выніку ўвядзення гэтых санкцый расійская эканоміка пачала сур’ёзна прабуксоўваць, бо значна залежала ад заходняга капіталу, абсталявання і тэхналогій. Гэта працягвалася да другой паловы 2021 года, калі сусветныя цэны на энерганосьбіты пачалі біць рэкорды. Заходнія краіны не пайшлі на рашучы разрыў з Расіяй. Маскву без праблем пускалі на сусветныя рынкі.
І толькі пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі ў лютым 2022-га з’явіліся рашучыя крокі. Так, дзявяты пакет санкцый, прыняты ў снежні гэтага года, ахопіць расійскае войска, банкаўскі сектар, энергетычную і горназдабыўную прамысловасць, прапагандысцкую машыну і кіраўнічыя колы.
Да таго як Расія не пачала паводзіць сябе агрэсіўна, ёй ніхто не перашкаджаў — больш за тое, Еўропа свядома паставіла сябе ў залежнасць ад расейскага газу. Першыя яго пастаўкі ў ФРГ пачаліся яшчэ ў 1973-м. Супрацоўніцтву Заходняй Германіі і СССР спрабавалі перашкодзіць заступнікі ФРГ у асобе ЗША: як адміністрацыя прэзідэнта Джымі Картэра, так і каманда яго наступніка Рональда Рэйгана папярэджвалі немцаў пра магчымую небяспеку залежнасці ад энерганосьбітаў з Савецкага Саюза. Асцярогі выказваліся і па лініі NATO яшчэ да пачатку работ па будаўніцтве газаправодаў: у Альянсе хацелі пераканацца ў бяспецы такога праекта. Аднак кіраўнік газавага дэпартамента Міністэрства эканомікі ФРГ Норберт Плесер заявіў, што асцярогі беспадстаўныя, бо Германія ніколі не будзе спадзявацца на пастаўкі з СССР больш чым на 10% ад сваіх патрэбаў.
Прыклад Германіі перанялі многія іншыя краіны Еўропы — іх залежнасць ад расійскага газу расла. І ў 2021 годзе ў некаторых дзяржавах яна дайшла да вялізных лічбаў. Так, Аўстрыя імпартавала з Расіі 86% спажыванага газу, Балгарыя — 79%, Фінляндыя — 75%, Славакія — 68%, Грэцыя — 64%, Венгрыя — 61%, Славенія — 60%, Чэхія — 55%, Польшча — 50%, Германія — 49%, Італія — 38%. Пры гэтым ключавым пакупніком для Расіі заставалася Германія з яе найбуйнейшай у ЕС эканомікай — на долю ФРГ прыпадала 23,7% ад усяго аб’ёму паставак газу па трубаправодах.
Калі б не вайна, у Расіі застаўся б (амаль) поўны газавы кантроль над Еўропай.
«Мы ўдвух — суагрэсары»
«Ну вы ж ведаеце, мы ўдвух — суагрэсары. Самыя шкодныя, таксічныя людзі на гэтай планеце. У нас толькі адна спрэчка — хто большы? Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што я. А я ўжо пачынаю думаць, што ён. Ну, прынялі рашэнне, што разам, аднолькава. Вось і ўсё. А калі хтосьці думае нас сёння разарваць — не выйдзе», — сказаў падчас размовы з журналістамі Лукашэнка. Відавочна, палітык тут спрабаваў іранізаваць, намякаючы на тое, што агрэсарам сябе не лічыць.
Калі гэта сапраўды так, то Лукашэнка, імаверна, не надта добра знаёмы з міжнародным правам, паводле якога Беларусь і Расія — сапраўды суагрэсары. Як адзначаецца ў дакументах ААН, «агрэсіяй з’яўляецца прымяненне ўзброенай сілы дзяржавай супраць суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасці або палітычнай незалежнасці іншай дзяржавы або якім-небудзь іншым чынам, несумяшчальным са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый».
ААН прыводзіць некалькі прыкладаў агрэсіі. Сярод іх:
- уварванне або напад узброеных сіл дзяржавы на тэрыторыю іншай дзяржавы або любая ваенная акупацыя, які б часовы характар яна ні насіла, якая з’яўляецца вынікам такога ўварвання або нападу, або любая анексія з ужываннем сілы тэрыторыі іншай дзяржавы або часткі яе;
- бамбардаванне ўзброенымі сіламі дзяржавы тэрыторыі іншай дзяржавы або прымяненне любой зброі дзяржавай супраць тэрыторыі іншай дзяржавы;
- блакада партоў або берагоў дзяржавы ўзброенымі сіламі іншай дзяржавы;
- напад узброенымі сіламі дзяржавы на сухапутныя, марскія або паветраныя сілы ці марскія і паветраныя флаты іншай дзяржавы і г. д.
Усе гэтыя палажэнні цалкам характарызуюць дзеянні Расіі ў 2022 годзе (асобныя з іх, зрэшты, і раней — успомнім анексію Крыма).
Але адно з палажэнняў цалкам адносіцца да Беларусі. Пад агрэсіяй у тым ліку разумеецца «дзеянне дзяржавы, якая дазваляе, каб яе тэрыторыя, якую яна аддала ў распараджэнне іншай дзяржавы, выкарыстоўвалася гэтай іншай дзяржавай для здзяйснення акту агрэсіі супраць трэцяй дзяржавы».
Лукашэнка заявіў, што сам прапанаваў Пуціну пакінуць у Беларусі расійскія войскі пасля вучэнняў «Саюзная рашучасць» (пазней менавіта яны рушаць з Беларусі на Кіеў), што быў праінфармаваны пра сітуацыю перад пачаткам вайны ва Украіне і што з беларускай тэрыторыі з яго ведама (і, імаверна, згоды) расійцы наносілі ракетныя ўдары па Украіне.
Зрэшты, паўнавартаснымі ўдзельнікамі агрэсіі дзве краіны ў свеце пакуль усё ж не лічаць. 16 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе запатрабаваў ад Расіі неадкладна спыніць вайну ва Украіне. Беларусь у рашэнні суда не фігуруе. Нашай краіны няма і ў апошніх пакетах санкцый. Так што свет ужо вызначыўся, хто большы агрэсар. Але варта Беларусі паўнавартасна ўступіць у вайну, як паміж успрыманнем дзяржаваў напэўна зноў будзе назірацца парытэт.
«У 2020 годзе не ён мяне атакаваў вось тут па перыметры. Не Расія»
«Калі хтосьці думае нас сёння разарваць, забіць клін — не атрымаецца. У 2020 годзе не ён [Пуцін] мяне атакаваў вось тут па перыметры. Не Расія. Расія падала нам руку. А нас адтуль дзяўблі. Яны хацелі пазбавіць нас і незалежнасці, і суверэнітэту адначасова», — заявіў Лукашэнка, чарговы раз успамінаючы паслявыбарчыя падзеі.
Расія сапраўды падтрымала беларускую ўладу пасля прэзідэнцкіх выбараў, гвалту сілавікоў і масавых пратэстаў. Але да таго моманту сітуацыя была зусім іншай.
З канца 2019-га Масква і Мінск не маглі дамовіцца пра цэны на нафту і газ. Лукашэнка хацеў, каб Расія пастаўляла паліва па ўнутрырасійскіх цэнах. Напрыклад, каля 73 даляраў за 1000 кубаметраў — як і Смаленская вобласць самой РФ. Але па факце ў студзені-лютым 2020-га цана складала 127 даляраў. Таму Лукашэнка ў пачатку лютага шантажаваў свайго саюзніка, што ў адваротным выпадку Мінск будзе шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак.
Якраз у гэты час з візітам у Беларусь прыбыў дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа. «Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносін. Не хочаце — хай скажуць нам пра гэта. І не крычаць: „Ах, Майк Пампеа прыехаў“. Заўтра Дональд Трамп прыедзе. Што яны будуць рабіць?» — заявіў Лукашэнка журналістам, маючы на ўвазе рэакцыю на гэта Расіі. «Перыяд вось гэтага холаду, калі мы глядзелі адзін на аднаго праз нейкую амбразуру, жалезабетонную тоўстую сценку, скончыўся», — адзначыў палітык, кажучы пра адносіны Беларусі і ЗША.
У сярэдзіне лютага 2020-га Лукашэнка заявіў наступнае: Расія намякае, што гатовая даць адзіныя цэны на энерганосьбіты ў выпадку далучэння Беларусі. Аднак краіна на гэта, па яго словах, ніколі не пойдзе. Таксама ён адзначыў: падчас перамоваў у Сочы Пуцін засумняваўся, што беларускі бок працягне купляць нафту ў іншых краінах, яна ж даражэйшая за расійскую. Лукашэнка тады адказаў, што нашая краіна працягне гэта рабіць, «каб кожны год 31 снежня не стаяць на каленях».
Падчас прэзідэнцкай кампаніі Лукашэнка нярэдка бачыў за варожымі яму сіламі расійскі след. У чэрвені ён наўпрост заявіў, што за спінай яго апанентаў на выбарах стаяць вонкавыя сілы — у тым ліку і з РФ. «Ясна, што там за імі стаяць лялькаводы. Яны і з аднаго, і з другога боку. І ў Польшчы жывуць, і з Расіі падкідваюць. Мы пра гэта з прэзідэнтам Пуціным пагаворым найбліжэйшым часам пры сустрэчы», — падкрэсліў тады Лукашэнка. Адказваць на гэтыя заявы давялося нават прэс-сакратару Пуціна Дзмітрыю Пяскову — той заяву Лукашэнкі, натуральна, абверг.
А 29 ліпеня 2020-га, за 10 дзён да прэзідэнцкіх выбараў, выбухнуў скандал з байцамі расійскай прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера: 32 чалавекі затрымалі ў санаторыі пад Мінскам. Усяго ж, паводле версіі дзяржаўнага агенцтва БЕЛТА, сілавікі атрымалі звесткі пра прыбыццё ў краіну «больш чым 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі».
Увечары таго ж дня Лукашэнка сабраў тэрміновую нараду з чальцамі савета бяспекі. «Я гляджу на рэакцыю расіян. Яны ужо, апраўдваючыся, кажуць, што ледзь не мы іх самі сюды завезлі. Ясна, трэба ж неяк апраўдаць свае брудныя намеры. Таму вельмі прасіў бы, каб у гэтай сітуацыі і з гэтым фактам было ўсё вельмі адкрыта і сумленна», — звярнуўся ён да тагачаснага старшыні КДБ Валерыя Вакульчыка.
Раней, 24 ліпеня, Лукашэнка заявіў пра імавернасць вулічных пратэстаў, да ўдзелу ў якіх могуць быць «падцягнутыя» супрацоўнікі ПВК. Зрэшты, 14 жніўня затрыманых вагнераўцаў перадалі Расіі — да таго часу ў адносінах паміж дзвюма палітыкамі зноў наступіў мір.
Чытайце таксама


