Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Пісьменніца Ганна Янкута марыла трапіць у Лацінскую Амерыку, дзеля гэтага нават вывучыла іспанскую мову — і правяла тры месяцы гэтага года ў Аргенціне. Мы паразмаўлялі з ёй пра жыццё ў гэтай краіне, кантраст свабоды і галечы, а таксама пра творчасць аўтаркі: яе пераклады з экзатычнай для Беларусі афрыканскай мовы, знакамітыя падарожжы мінскага ката і пра прозу, прысвечаную падзеям пасля 2020 года.

«За тры месяцы, што была ў Аргенціне, курс песа абваліўся з 490 за даляр да амаль 800»

— Сёлета вы нечакана паехалі на некалькі месяцаў у Лацінскую Амерыку. Чаму менавіта ў гэты рэгіён?

— Гэтая паездка не была зусім ужо нечаканай, бо я гадоў дзесяць, калі не больш, марыла пабываць у Лацінскай Амерыцы: хацела пабачыць, як жывуць людзі на іншым кантыненце. Мне здавалася, што гэта максімальна аддалены ад нас свет, і там усё мусіць быць не так, як у нас. Але доўгі час мара заставалася толькі марай, таму што было незразумела, з чаго пачаць: колькі трэба грошай, як паклапаціцца пра бяспеку. І перадусім — дзе знайсці на такое падарожжа час. Каб хаця б крыху наблізіцца да гэтай мары, у 2019 годзе я пачала вучыць іспанскую мову. Што праўда, у 2021-м закінула яе недзе на ўзроўні В1, бо на той момант аказалася ў Польшчы і ў мяне з’явілася мноства іншых клопатаў. Але сама мара нікуды не знікла.

І вось сёлета зоркі сышліся: скончылася дамова на арэнду жылля, і гаспадары не захацелі яе прадоўжыць. Вырашыліся праблемы з легалізацыяй, а праца і падпрацоўкі зрабіліся цалкам дыстанцыйнымі, у мужа таксама была магчымасць надоўга куды-небудзь паехаць. Перад намі паўстала пытанне: што далей? І мы зразумелі, што больш прыдатнага моманту для падарожжа ў Лацінскую Амерыку ўявіць немагчыма.

— Чаму менавіта Аргенціна?

— Яе мы выбралі з шэрагу прычын. Па-першае, беларусы могуць 90 дзён пражыць там без візы. Адзінае, пра што ў вас пытаюць па прылёце, — гэта дзе вы спыніцеся: трэба мець пад рукой адрас гатэля ці арандаванай кватэры (што праўда, мы чулі, што падчас рэгістрацыі на рэйс прынамсі некаторыя авіяперавозчыкі правяраюць таксама, ці ёсць у вас зваротны білет).

Ганна Янкута. Фота: асабісты архіў
Ганна Янкута. Фота: асабісты архіў

Па-другое, гэта, наколькі я магу меркаваць, — адна з самых танных у рэгіёне краін. Гэта звязана з іх шматгадовым эканамічным крызісам і, у тым ліку, з двайным (а насамрэч, нават множным) курсам нацыянальнай валюты — аргенцінскага песа. Да таго ж, песа пастаянна абясцэньваецца: за тры месяцы, што я там была, курс абваліўся з 490 за даляр да амаль 800. Гэта робіць Аргенціну даступнай для турыстаў нават з досыць сціплым дастаткам (калі яны прыязджаюць з замежнай валютай).

Напрыклад, аднапакаёўка, знятая на сайце Airbnb у Сан-Тэльма, самым турыстычным раёне Буэнас-Айрэса, абышлася нам у 500 еўра за месяц (праўда, гэта была адна з самых танных прапаноў у той частцы горада). Паездка ў гарадскім транспарце каштавала каля 10−20 цэнтаў, пералёт мясцовымі лоўкостамі Flybondi ці JetSmart у іншы аргенцінскі горад — у сярэднім 30−50 долараў у адзін бок. Самай дарагой часткай падарожжа быў трансатлантычны пералёт. Але нават з улікам яго і нашых вандровак унутры краіны мне здаецца, што за гэтыя тры месяцы грошай у нас сышло прыкладна столькі ж, колькі мы патрацілі б, жывучы ў Польшчы і арандуючы там кватэру. Што праўда, давялося ўсё добра планаваць, лавіць танныя квіткі, шукаць недарагое жыллё і ўвогуле ашчадна абыходзіцца з грашыма.

— А што з бяспекай?

— Гэта і ёсць трэцяя прычына для паездкі менавіта ў Аргенціну. У нас быў стэрэатып, што Лацінская Амерыка — гэта суцэльны крымінал. І як многія іншыя стэрэатыпы, гэты вельмі лёгка разбураецца ад сутыкнення з рэальнасцю (прынамсі, калі казаць пра Аргенціну).

Вядома, у вялікіх гарадах ёсць раёны, дзе не варта гуляць у цемры, і трэба выконваць мінімальныя правілы бяспекі — напрыклад, не дэманстраваць на вуліцы вялікія сумы грошай. Але ў цэлым мы адчувалі сябе вельмі спакойна. Асабліва гэта тычыцца невялікіх мястэчак і вёсак — чым яны меншыя, тым там бяспечней. Мы ні разу не адчулі, што нам нешта пагражае.

Аднойчы ў горадзе Сальта муж забыў на стале ў кавярні тэлефон, і калі праз гадзіну мы вярнуліся туды, аказалася, што нехта знайшоў яго і аддаў супрацоўніцы. Так што тэлефон нас дачакаўся. Гісторыі пра выцягнуты ў натоўпе з кішэні мабільнік мы чулі не аднойчы — але хіба тое самае не можа здарыцца ў любым іншым турыстычным горадзе?

— Аргенціна доўгі час была дыктатурай, у якой ва ўладзе была вайсковая хунта…

— Якраз калі мы былі ў Буэнас-Айрэсе, аргенцінцы святкавалі 40 гадоў вызвалення ад яе (а мяркуецца, што ў 1976−1983 гадах ахвярамі дыктатуры зрабілася каля 30 тысяч чалавек — яны загінулі ці зніклі без вестак) і таксама задавалі гэтае пытанне: што цяпер?

З аднаго боку, памяць пра дыктатуру ў краіне захоўваецца дагэтуль: у Буэнас-Айрэсе пазначаныя дамы, жыхары якіх былі выкрадзеныя і забітыя, вядзецца шмат дыскусій пра дэмакратыю і пра тое, як яе ўмацаваць — паводле індэкса дэмакратыі 2022 года, Аргенціна адносіцца да «недасканалых дэмакратый». З іншага боку, у грамадстве ёсць меркаванне, што пасля падзення дыктатуры далёка не ўсе вінаватыя былі пакараныя, многія каты і забойцы пазбеглі турмы. Дагэтуль невядомы лёс многіх выкрадзеных. Да таго ж, праблемы з эканомікай не дадаюць аптымізму. І ўсё ж аргенцінцы ганарацца сваёй дэмакратыяй, ёсць адчуванне, што яны пастаянна вяртаюцца да тэмы дыктатуры і бачаць дэмакратыю не як мэту, а як працэс, нешта, пра што трэба пастаянна памятаць і дбаць.

Дагэтуль дзейнічае ў Аргенціне і рух Маці плошчы Мая. Ужо ў 1977-м, праз год пасля ваеннага перавароту і ўсталявання дыктатарскага рэжыму, на цэнтральную плошчу Буэнас-Айрэса, якая называецца плошча Мая, пачалі выходзіць жанчыны, якія хацелі даведацца пра лёс сваіх выкрадзеных дзяцей. Яны надзявалі белыя хусцінкі (якія насамрэч рабіліся з пялюшак), каб пазнаваць адна адну, і збіраліся шточацвер, нават нягледзячы на тое, што іх лідарак неўзабаве таксама выкралі і забілі. Іх рух пашыраўся, ён зрабіў вялікі ўнёсак у змаганне з дыктатурай, а пасля ўсталявання дэмакратыі займаўся і дагэтуль займаецца пошукам звестак пра зніклых і захаваннем памяці пра злачынствы дзяржавы.

Маці плошчы Мая. Фота: Ганна Янкута
Маці плошчы Мая. Фота: Ганна Янкута

І што ўражвае мяне найбольш, з таго часу мітынгі не спыняліся: яны ўсё яшчэ ладзяцца кожны чацвер на плошчы Мая. Мы былі на адным з іх, на мітынгу № 2359. Туды дагэтуль прыязджаюць Маці плошчы Мая — тыя, што засталіся ў жывых. На мітынгу было каля 100 чалавек (уключна з турыстамі), якія хадзілі вакол стэлы на плошчы, дзе ў гэты час развесілі плакаты, а пасля прамоўцы гаварылі пра падзеі 40-гадовай даўніны і пра цяперашнія праблемы ў краіне.

«З аднаго боку, тут дэмакратыя. З другога — шмат бесхацінцаў на вуліцах»

— Як вам Аргенціна цяпер?

— З аднаго боку, тут дэмакратыя, моцная грамадзянская супольнасць, актыўнае палітычнае жыццё, свая культура памяці. У аргенцінскіх гарадах шмат графіці і муралаў, і яны часта ўтрымліваюць палітычныя пасланні — відаць, што ў грамадстве вядзецца шмат дыскусій. Тут легалізаваныя аднаполыя шлюбы, такія сем'і маюць права ўсынаўляць дзяцей. Некалі я слухала падкаст пра судовы працэс у Буэнас-Айрэсе аб прызнанні за жыхаркай тутэйшага заапарка, арангутангам на імя Сандра, прававой суб’ектнасці. І там было інтэрв'ю з суддзёй, якая ладзіла ўласнае расследаванне, каб прыняць на гэты конт абгрунтаванае рашэнне.

З іншага боку — высокая сацыяльная няроўнасць, шмат бесхацінцаў на вуліцах, якія жывуць у жудасных умовах, напрыклад, у дамках з кардонак. Пры тым, што ў ліпені, калі мы былі ў Буэнас-Айрэсе (а там гэта зіма), тэмпература ноччу магла апускацца да ўсяго плюс чатырох. Шмат стыхійных рынкаў, людзі на вуліцах і ў метро прадаюць усякую драбязу, каб пракарміцца. На побытавым узроўні ёсць моцнае адчуванне неўладкаванасці, многія пытанні вырашаюцца доўга і складана. Два курсы валют, вялікая інфляцыя, пастаяннае абясцэньванне заробкаў. Адзенне мясцовага пашыву, як кажуць, няякаснае, усё, што прывозіцца з іншых краін (напрыклад, побытавая тэхніка), — дарагое. У гарадах, нават у цэнтры Буэнас-Айрэса, многія дамы пустуюць і разбураюцца.

Ганна Янкута ў Буэнас-Айрэсе. Фота: асабісты архіў
Ганна Янкута ў Буэнас-Айрэсе. Фота: асабісты архіў

Я спрабавала распытаць аргенцінцаў, чаму ў іх так кепска функцыянуе эканоміка. Адны кажуць, гэта праз каланізацыю — калі Іспанія і іншыя краіны стваралі ў Лацінскай Амерыцы першыя калоніі, яны вывезлі адсюль шмат багацця. Іншыя — што вінаватыя вялікія міжнародныя кампаніі, якім належаць мясцовыя прадпрыемствы. І амаль усе лаяць урад: маўляў, ён праводзіць няправільную палітыку.

Зусім нядаўна, 19 лістапада, у Аргенціне прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў, у якім перамогу атрымаў Хаўер Мілей. Падазраю, што цяпер сітуацыя ў краіне зменіцца. Вось толькі цяжка сказаць, у які бок.

— А што з побытам?

— Напэўна, свае асаблівасці ёсць у кожнай краіны, і чым далей ад дому ад’язджаеш, тым больш незвычайнага навокал. А паколькі Аргенціна — гэта вельмі далёка, з незвычайным мы сутыкаліся досыць часта. Напрыклад, далёка не ў кожнай кватэры ёсць пралка, таму мы мусілі разабрацца, як працуюць грамадскія пральні. У Буэнас-Айрэсе мы плацілі нейкую фіксаваную суму за пакет рэчаў [якія хацелі выпраць], а ў Сальце ў нас лічылі колькасць адзінак адзення, нават кожную шкарпэтку.

У Аргенціне амаль усюды (за выключэннем, мабыць, самых турыстычных раёнаў Буэнас-Айрэса) ёсць сіеста: пасля абеду кавярні, банкі, іншыя ўстановы на некалькі гадзін зачыняюцца. У розных месцах гэта можа быць розны час: з 14 да 17, з 15.30 да 19 — і часцей за ўсё ты пра гэта нідзе загадзя не дазнаешся. Проста прыйдзеш — і наткнешся на зачыненыя дзверы. Ці на адчыненыя, як пашанцуе. У горадзе Мендоса побач з нашай кватэрай была эмпанадэрыя (кавярня, якая спецыялізуецца на эмпанадах — піражках з рознымі начынкамі), якая ўвогуле працавала з 21.00 да поўначы, прычым у 21.00 яны толькі распальвалі печку, і першая партыя эмпанад была гатовая ў 21.45. Але паколькі гатуюць яны вельмі смачна, даводзілася чакаць.

Мост Інкаў у правінцыі Мендоса (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута
Мост інкаў у правінцыі Мендоса (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута

— Калісьці падзеяй стала кніга Алены Брава пра яе жыццё на Кубе. У вас ёсць жаданне расказаць падрабязней пра свой досвед?

— Адна з прычын паездкі ў Лацінскую Амерыку — гэта якраз сабраць матэрыял пра беларуска-лацінаамерыканскія сувязі. Раней, калі я жыла ў Беларусі, пісала пра нашу краіну — напрыклад, серыю дзіцячых кніг пра мінскага ката Шпрота. Цяпер жа разумею, што рабіць так больш не змагу, бо ўжо не ведаю, што адчуваюць людзі ўнутры краіны. Адзіны досвед, пра які я магу расказаць, — гэта эміграцыя. І гісторыі беларусаў, якія ў свой час трапілі ў Лацінскую Амерыку ці былі з ёй неяк звязаныя, здаюцца мне добрым матэрыялам. У тым ліку, каб асэнсаваць тое, што адбываецца з намі цяпер.

Ёсць, напрыклад, Ігнат Дамейка, які пасля паўстання 1830−1831 гадоў эміграваў у Чылі і даследаваў там Анды. Ці польскі пісьменнік Фларыян Чарнышэвіч, аўтар рамана «Надбярэзінцы», які нарадзіўся ў Беларусі. Але калі яго родныя мясціны ўвайшлі ў склад СССР, ён пераехаў у Аргенціну і застаўся там да канца жыцця. Або літаратар Карлас Шэрман (ён пераклаў на беларускую мову раман Габрыэля Гарсіі Маркеса «Каханне падчас халеры»), які нарадзіўся ва Уругваі, маладосць правёў у Буэнас-Айрэсе, а пасля пераехаў у Беларусь. Усе гэтыя і іншыя гісторыі захапляльныя і самі па сабе, бо яднаюць два такія розныя светы — Беларусь і Лацінскую Амерыку. Таксама яны могуць расказаць нешта пра наша жыццё, пра нашую рэчаіснасць. Чаму людзі з’язджаюць так далёка — і ў ХІХ, і ў ХХ, і ў ХХІ стагоддзі?

Але пакуль кніга пра беларуска-лацінаамерыканскія гісторыі — гэта чарговая мара, да якой мне яшчэ доўга ісці. І я раблю толькі першыя крокі. Напрыклад, цяпер на сайце «Будзьма» публікуюцца мае эсэ пра падарожжа ва Уругваі і Аргенціне і пошукі там мясцінаў Карласа Шэрмана. Я разлічваю, што гэта будзе першы раздзел кнігі, і матэрыялы для астатніх з часам збяруцца таксама.

«З нідэрландскай мне было лёгка перайсці на афрыкаанс»

— Вы пачыналі як перакладчыца. Як вы выбіралі творы для перакладаў? У якой ступені тут замова патэнцыйнага выдаўца, а ў якой — уласная зацікаўленасць творцаў?

— Увогуле ў беларускамоўнай прасторы сітуацыя з перакладам мастацкай літаратуры вельмі спецыфічная. Цяпер я жыву ў Польшчы, шмат кантактую з мясцовымі перакладчыкамі і бачу, наколькі вялікая паміж намі розніца. Тут ёсць свой кніжны рынак, шмат выдавецтваў, якія ўвесь час публікуюць новыя кнігі. Перакладчыкі тут пераствараюць кнігу за кнігай, гэта іх прафесія, з якой яны (прынамсі многія з іх) маюць асноўны прыбытак.

У беларускамоўнай прасторы такога ніколі не было. Калі ў канцы 2000-х я скончыла ўніверсітэт і зразумела, што хачу перакладаць кнігі на беларускую мову, у нашай краіне было зусім мала выдавецтваў, якія б іх публікавалі. Атрымаць такую замову было амаль немагчыма. Таму і я, і мае аднагодкі проста перастваралі тое, што мы самі любім, а пасля шукалі магчымасцяў неяк надрукавацца. Тады выдаць кожную перакладную кнігу было цэлай прыгодай. Часам удавалася ўгаварыць выдавецтва, знайсці для выдання падтрымку ці сабраць грошы на друк краўдфандынгам (так мы, напрыклад, у 2015 годзе выдалі зборнік апавяданняў пра Шэрлака Холмса).

Вёска Пурмамарка, правінцыя Хухуй (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута
Вёска Пурмамарка, правінцыя Хухуй (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута

Грошы за такія пераклады калі і плацілі, то зусім няшмат. Часам мы перакладалі (і дагэтуль перакладаем) кнігі бясплатна, часам атрымлівалі ад выдавецтваў у якасці ганарару кнігі. Я тады жартавала, што калі мае сябры бачылі, якая новая кніга ў мяне выйшла, яны маглі прадказаць, што атрымаюць у падарунак на найбліжэйшыя Каляды ці на дзень нараджэння. Гэта была не прафесія, а хутчэй, хобі, якім можна займацца ў вольны ад працы час. У такой сітуацыі мы, вядома, перакладалі тое, што хацелі, то-бок самі выбіралі, што мусіць быць па-беларуску.

Але з часам сітуацыя мянялася, з’яўлялася ўсё больш арыентаваных на беларускую мову выдавецтваў, і яны ўжо самі вырашалі, якія кнігі варта публікаваць. Прыкладна з 2017 года я пачала атрымліваць замовы, за якія плацілі ганарары. Так, напрыклад, для выдавецтва «Янушкевіч» я перастварыла раманы «Не адпускай мяне» Кадзуа Ісігура і «Нармальныя людзі» Салі Руні, некалькі кніг з польскай мовы. Усе кнігі, якія мне замаўлялі, я да таго не чытала. Так што ў маім выпадку можна сказаць, што замова выдаўца і ўласная зацікаўленасць часцей за ўсё не перасякаліся.

— Вы перакладалі прозу і паэзію з англійскай, польскай, нідэрландскай, афрыкаанс, скотс. Адкуль апошнія дзве мовы, не самыя вядомыя беларусам?

— Афрыкаанс — адна з моў Паўднёвай Афрыкі — досыць блізкая да нідэрландскай, якую прынеслі туды каланізатары і якая паступова ўкаранілася на новым месцы (вядома, змяшаўшыся з іншымі гаворкамі). А я некалькі гадоў вывучала нідэрландскую, пераклала з яе крыху паэзіі і некалькі дзіцячых кніг, у тым ліку дзве кнігі казак сучаснага нідэрландскага пісьменніка Тона Тэлегена (іх дагэтуль не ўдалося выдаць, бо ніводнае беларускае выдавецтва не пагадзілася набыць аўтарскія правы). З нідэрландскай было лёгка перайсці на афрыкаанс. Але надоўга майго імпэту не хапіла, бо падтрымка мовы ў працоўным стане вымагае пастаянных высілкаў. У выніку я закінула і афрыкаанс, і нідэрландскую. Хаця нейкая база засталася, простыя рэчы я дагэтуль магу пры неабходнасці прачытаць.

Што да скотс, ці шатландскай мовы (мова мае германскае паходжанне; у шатландцаў існуе таксама гэльская мова кельцкага паходжання. — Заўв. рэд.), то яна блізкая да англійскай, на ёй пісаў, напрыклад, паэт Роберт Бёрнс. Я перакладала яго вершы, а таксама вершы іншага шатландца, Роберта Фергюсана, выкарыстоўваючы ў тым ліку шатландска-англійскія слоўнікі. Гэтыя вершы вельмі бадзёрыя, і ў іх адчуваецца дух свабоды, прага незалежнасці, мне была цікавая такая літаратура. Але гэта зноў жа даўняя гісторыя, цяпер я б не ўзялася перакладаць са скотса, або мне давялося б доўга разбірацца з такімі тэкстамі.

У цэлым цяпер мае асноўныя замежныя мовы — гэта польская і англійская. Таксама я крыху гавару па-іспанску і магу на ёй чытаць, але нічога не перакладала.

Правінцыя Мендоса (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута
Правінцыя Мендоса (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута

— Калі кніга масавая, а не элітарная, яе лягчэй ці цяжэй перакладаць? Ці гэта проста праца — і нічога больш?

— У свой час перакладала разам з Кацярынай Маціеўскай «Канец адзіноты» Януша Леона Вішнеўскага (працяг знакамітай у свой час «Адзіноты ў сеціве». — Заўв. рэд.). Але ён якраз быў не надта просты для перакладу. Вішнеўскі — навуковец, у розныя часы ён працаваў у галінах хіміі, фізікі, інфарматыкі, і вось у рамане пра каханне раптам з’яўляюцца развагі пра мадыфікацыю генаў і аналіз ДНК. Давялося прачытаць шмат усяго, каб не нарабіць памылак.

А вось раман «Нармальныя людзі» [ірландскай пісьменніцы] Салі Руні быў ці не самым простым тэкстам з усіх, што я перакладала. Таму тут залежыць хутчэй ад канкрэтнага аўтара.

— З тых дзясяткаў твораў, што вы пераклалі, ёсць той, якім вы ганарыцеся найбольш?

— Раманам Джэйн Осцін «Пыха і перадузятасць», а таксама аповесцю Чарльза Дыкенса «Калядны харал» пра скнару Скруджа і яго сустрэчу з каляднымі прывідамі. Абодва гэтыя творы — класіка брытанскай літаратуры ХІХ стагоддзя, абодва аўтары вядомыя сваім яркім стылем і пачуццём гумару. І мне хочацца верыць, што ў беларускіх перакладах гэтыя стыль і гумар захаваліся.

«Дзяржава (асабліва аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы) успрымае жанчын як каштоўны рэсурс»

— Адначасова з перакладамі вы займаліся і навукай — абаранілі дысертацыю па Маргарэт Этвуд, аўтарцы «Гісторыі служанкі» і «Запаветаў». Была ідэя перакласці гэтыя творы?

— Мне вельмі хацелася перакласці што-небудзь з Этвуд — але перадусім не «Гісторыю служанкі», а раман «Сляпы забойца», за які пісьменніца атрымала Букераўскую прэмію ў 2000 годзе, ці раман «Нявеста-рабаўніца», які не перакладаўся на рускую. Гэта гісторыя трох сябровак, у жыццё якіх урываецца іншая, містычная жанчына — яна руйнуе шлюбы ўсіх трох і мае ледзь не звышнатуральныя здольнасці, напрыклад, паўставаць з мёртвых.

Ганна Янкута. Фота: асабісты архіў
Ганна Янкута. Фота: асабісты архіў

Але «Гісторыя служанкі» сапраўды мае больш шанцаў зацікавіць выдаўцоў, у тым ліку дзякуючы серыялу. І гэта таксама была б цікавая праца, бо аўтарка шмат гуляе ў тэксце з мовай, абыгрывае цытаты з Бібліі (дзеянне ў кнізе адбываецца ў выдуманай краіне Галаад, дзе пануе дыктатура рэлігійных фундаменталістаў). І чым далей, тым больш я разумею, што менавіта антыўтопіі Маргарэт Этвуд робяцца ўсё больш актуальнымі.

Пакуль з гэтымі кнігамі не склалася.

— У «Гісторыі служанкі» і «Запаветах» пісьменніца паказвае абсалютна таталітарнае грамадства. Беларусь ідзе да яго? Вось нядаўна Рыгор Азаронак выступіў супраць адукацыі для жанчын.

— Кожны мастацкі твор з’яўляецца ў пэўных гістарычных абставінах і так ці іначай адлюстроўвае тое, што аўтар ці аўтарка бачыць вакол сябе. «Гісторыя служанкі» выйшла ў 1985-м, калі прэзідэнтам ЗША быў рэспубліканец Рональд Рэйган. У краіне якраз пашырыўся ўплыў рэлігійных кансерватыўных рухаў, што крытыкавалі дасягненні ліберальнай рэвалюцыі 1960-х — тады ў ЗША і іншых заходніх краінах жанчыны пачалі масава выходзіць на працу, рабіцца фінансава самастойнымі, не арыентавацца выключна на ролю жонкі і маці. У рамане Этвуд паказвае, што ўсе гэтыя дасягненні могуць лёгка аказацца пад пагрозай. Нездарма першыя крокі да ўсталявання дыктатуры ў апісаным ёй свеце — гэта звальненне жанчын з працы і забарона ім мець банкаўскія рахункі.

Вядома, немагчыма параўнаць сітуацыю ў ЗША ў 1980-х і ў Беларусі цяпер. Але Этвуд апісвае, як можна трымаць уладу над грамадствам, дзякуючы чаму кніга дагэтуль застаецца актуальнай. У яе рамане паказваецца, што як толькі нехта недзе вырашае «закруціць гайкі», гэта адразу закранае жанчын. Дзяржава (асабліва аўтарытарныя і таталітарныя рэжымы) успрымае жанчын як каштоўны рэсурс, бо менавіта яны мусяць нараджаць і выхоўваць будучых салдатаў (што цяпер асабліва актуальна, напрыклад, для рыторыкі расійскіх уладаў) і «правільных» работнікаў, якія будуць падтрымліваць уладныя колы ў будучыні (што бліжэйшае для беларускага рэжыму).

Людзі ў такіх сітуацыях пакутуюць двойчы — і як грамадзяне (якім забаронена выказваць незадаволенасць), і паводле гендарнай прыналежнасці: да мужчын і жанчын рэжымы выстаўляюць розныя патрабаванні. І Этвуд засяроджваецца на апісанні гвалту з боку дзяржавы ў дачыненні да жанчын. Ім адмаўляюць у праве распараджацца ўласным целам, усяляк падштурхоўваюць да «правільных» (выгадных для дзяржавы) рэпрадуктыўных паводзін ці, напрыклад, з вуснаў прапагандыстаў гучыць пытанне: а ці патрэбная жанчынам адукацыя? Быццам кожная жанчына не ў стане сама прыняць за сябе рашэнне. Але яе рашэнні могуць супярэчыць патрэбам рэжыму. І тады адбываецца тое, што мы бачым цяпер: усплывае тэма «традыцыйных каштоўнасцяў», вядуцца размовы пра «жаночае прызначэнне», забараняецца «прапаганда чайлдфры» і ўвогуле аказваецца, што Канстытуцыя створаная не пад жанчыну.

Буэнос-Айрес. Фото: Анна Янкута
Буэнас-Айрэс. Фота: Ганна Янкута

— А як вам інтэрпрэтацыя творчасці Этвуд? Напрыклад, серыял паводле «Гісторыі служанкі»?

— Я паглядзела толькі першы сезон. Ён аказаўся для мяне занадта напружаным і страшным — нават страшнейшым за кнігу, хоць і вельмі прыгожа знятым. Зрэшты, антыўтопія і не можа быць лёгкай. Затое я магу параіць нашмат менш вядомы мінісерыял «Яна ж Грэйс» (Alias Grace) з шасці серый паводле іншага, аднайменнага рамана Маргарэт Этвуд, асабліва калі вы любіце драмы пра XIX стагоддзе і псіхалагічна-дэтэктыўныя гісторыі. У яго цэнтры — пакаёўка-імігрантка, якая ці то забіла, ці то не забіла свайго працадаўцу і праз гэта на шмат гадоў трапіла ў турму. Доктар, які мусіць разабрацца ў яе псіхічным стане (яна сцвярджае, што нічога не памятае пра дзень забойства), спрабуе ўзнавіць усю гісторыю яе жыцця — і гэта прыводзіць да самых розных вынікаў.

«Пасля пачатку вайны польскі сусед пачаў вешаць на нашым паверсе маляваныя ад рукі плакаты з карыкатурамі на Пуціна»

— Вы ужо згадвалі вашу серыю кніг пра ката Шпрота. Як і чаму з’явілася іх ідэя?

— Я ніколі не думала, што буду пісаць сама, пагатоў кнігі для дзяцей. Але аднойчы мы з мужам пераехалі з мінскага мікрараёна Сухарава, дзе я на той момант пражыла гадоў сем, у ваколіцы парка Чалюскінцаў. І гэты раён так мне спадабаўся, што я пачала ўяўляць, якія чароўныя істоты могуць яго насяляць. Так я прыдумала прывідаў Мару і Жан-Жаха, якія жывуць ля майго балкона і перашэптваюцца начамі пра свае прывідныя справы. А потым у нейкі дзень наш кот Шпрот паспрабаваў выскачыць з балкона на двор, і я ўявіла, як ён ноччу цішком выбіраецца з дому і знаёміцца з прывідамі. З гэтага пачалася серыя дзіцячых дэтэктыўных гісторый пра ката Шпрота, у якой цяпер тры кнігі.

Падчас напісання ў мяне з’явілася дзве мэты. Па-першае, хацела стварыць гісторыю, дзеянне якой адбываецца ў Мінску і ў якой апісаныя канкрэтныя мінскія мясціны. Каб можна было літаральна ўзяць у рукі кнігу і хадзіць з ёй па вуліцах, як у квэсце. Менавіта таму ў кожным выданні на форзацы ёсць карта. Мне хацелася, каб Мінск зрабіўся для дзяцей «літаратурным» горадам, каб яны ведалі, што цуды могуць здарыцца побач з іх домам.

Па-другое, я марыла напісаць кнігу па-беларуску так, каб яе прачыталі нават тыя дзеці, у сем’ях якіх гавораць па-руску. Хацелася, каб у іх з’явілася гэтая асацыяцыя — Мінск, беларуская мова, нейкія таямніцы і прыгоды. Ну і аказалася, што я сама люблю прыдумляць загадкі і пасля шукаць для іх тлумачэнне.

Раён Буэнас-Айрэса Ла-Бока. Фота: Ганна Янкута
Раён Буэнас-Айрэса Ла-Бока. Фота: Ганна Янкута

— Самі вы з Гродна. Чаму кніга не пра гэты горад?

— Мы неяк жартавалі, што кнігі пра мінскага ката Шпрота выдалі трое гарадзенцаў, бо і ілюстратарка Лілія Давыдоўская, і выдавец Андрэй Янушкевіч — таксама гарадзенцы. Але прынамсі ў маім выпадку дысанансу ў гэтым няма: на той момант, калі выйшла першая гісторыя пра ката Шпрота, я ўжо 16 гадоў жыла ў Мінску. Я вельмі люблю горад, у якім нарадзілася, але Мінск — таксама мой дом, мне здаецца, я ведаю яго і адчуваю яго атмасферу. Цяпер, калі я ўжо больш за два з паловай гады жыву за мяжой, па Гродне і Мінску я сумую аднолькава моцна. А пра Гродна, спадзяюся, з часам напішу якую-небудзь іншую кнігу.

— У беларускай літаратуры пакуль усяго некалькі кніг па матывах падзеяў 2020−2022 гадоў. Нядаўна выйшла вашая. Пра што яна?

— Кніга «Час пустазелля» — мая першая празаічная кніга для дарослых. Калі 24 лютага 2022 года Расія напала на Украіну, гэта не толькі перавярнула мае (мабыць, не толькі мае) уяўленні пра свет, але і досыць хутка змяніла Варшаву: у ёй у адзін момант з’явілася шмат уцекачоў і ўкраінскай мовы. Я была агаломшаная, шукала, дзе прыкласці сябе, неяк дапамагчы. У выніку валанцёрыла ў розных месцах як перакладчыца, бо добра ведаю польскую мову і разумею ўкраінскую.

І тады я першы раз у жыцці пачала весці дзённік, бо мне здавалася, што гэта ўсё трэба занатоўваць: гісторыі людзей — і тых, што ўратаваліся ад вайны, і тых, што ім дапамагалі, тое, як раптам змянілася Польшча, як змяніліся беларусы, як мы самі бачылі сябе ў гэтых працэсах. У вольныя хвіліны я запісвала ўсё, што адбывалася навокал, літаральна ўсё, што прыходзіла ў галаву, — у нататках у тэлефоне, на нейкіх аркушах, нават проста на чэках з крамаў, а пасля перанабірала гэта ўсё на камп’ютары.

І вось у нейкі момант заўважыла, што ў гэтым хаосе з’яўляецца сюжэт.

Па-першае, гэта была гісторыя пра ўзаемаадносіны беларусаў, украінцаў і палякаў, якая вымалёўвалася з розных сцэнак падчас валанцёрскіх дзяжурстваў ці нават проста выпадкова пачутых на вуліцы размоў.

Па-другое, гэта мая гісторыя. Не ведаю, ці карэктна называць сябе мігранткай: яшчэ ў 2022 годзе ездзіла ў Беларусь і спрабавала апісаць і гэта таксама.

Па-трэцяе, гэта гісторыя маіх дзіўных узаемаадносін з суседам — я тады здымала кватэру ў старым і незвычайным доме і ніколі не бачыла жыхара суседняй кватэры, але ўвесь час сутыкалася са знакамі яго прысутнасці. Напрыклад, пасля пачатку вайны ён пачаў вешаць на нашым паверсе маляваныя ад рукі плакаты з карыкатурамі на Пуціна і нейкімі няўцямнымі прароцтвамі на польскай мове. І я ўвесь час спрабавала ўявіць: хто ж ён такі? З гэтага вырасла трошкі казачная лінія кнігі, яе загадка (бо я люблю дэтэктыўныя сюжэты, мне абавязкова трэба, каб у кнізе спачатку нешта было незразумела і пасля гісторыя паволі раскрывалася).

І, па-чацвёртае, у гэты час пералому я знайшла для сябе досыць нечаканы спосаб уцячы ад рэальнасці — ішла ў геалагічны музей і разглядала там скамянеласці. І з гэтага вырасла яшчэ адна лінія кнігі — пра тое, як паволі жыццё на Зямлі нараджалася, змяняла формы, прыстасоўвалася да свету і змяняла яго, каб урэшце мы апынуліся ў сённяшнім дні. Карацей, я вырашыла пачаць сваю гісторыю ад самых глыбокіх каранёў. І сабрала з гэтых чатырох сюжэтаў кнігу.

Правінцыя Мендоса (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута
Правінцыя Мендоса (Аргенціна). Фота: Ганна Янкута

«Час пустазелля» вырас з дзённіка (хаця насамрэч я вельмі моцна перарабіла свае нататкі. Гэта такі белетрызаваны дзённік, ці казачны дзённік, у чымсьці сапраўдны, у чымсьці выдуманы ці сканструяваны). У апошнія гады ў беларускай літаратуры выйшаў шэраг у нечым блізкіх кніг: «Зэкамерон» Максіма Знака, «Мінскі дзённік» Юлі Цімафеевай, «Записки несостоявшегося „химика“» Аляксандра Дземідовіча.

З іншага боку, я таксама выкарыстоўваю гісторыі іншых людзей і часоў, гісторыю Зямлі ў самым літаральным, геалагічным сэнсе. Таму бачу сябе не толькі ў рэчышчы беларускай традыцыі, але і ў традыцыі польскага нон-фікшн, «літаратуры факту». Гэтая плынь у польскай літаратуры вельмі моцная, і мне хочацца гэтаму вучыцца.

— Падчас падарожжа па Лацінскай Амерыцы вы вандравалі па мясцінах Карласа Шэрмана, у якога ёсць эсэ «Аргенціна: вяртанне праз паўжыцця». У вас былі думкі, што аналагічнае вяртанне (хай сабе, «паўжыцця» возьмем у двукоссі) магчымае з вамі?

— Сам Шэрман досыць скептычна ставіўся да ідэі (і магчымасці) вярнуцца ў краіну, якую ты пакінуў шмат гадоў таму. І меў для гэтага важкія нагоды: яго бацька, пражыўшы больш за трыццаць гадоў у Лацінскай Амерыцы, усё ж вярнуўся ў Беларусь. Шэрман называе гэта другаснай эміграцыяй, ці эміграцыяй вяртання, і лічыць яе не менш трагічнай за эміграцыю першасную. Бо за пэўны час чалавек прывыкае да новага жыцця, паспявае пусціць у ім карані — і даводзіцца чарговы раз пачынаць усё з нуля. Да таго ж, краіны, у якую чалавек вяртаецца, ужо не існуе, яна засталася толькі ў яго ўспамінах, бо час ідзе, змяняецца і сам чалавек, і яго колішняе асяроддзе. І яно часам не гатовае прыняць цябе назад, ты ўжо чужы там, дзе некалі быў сваім. Дарэчы, сам Шэрман вярнуўся з Беларусі ў Аргенціну толькі раз, і тое ненадоўга — прыехаў у складзе дэлегацыі СССР паўдзельнічаць у міжнародным кніжным кірмашы. Так што ў яго выпадку вяртання «назусім» якраз не здарылася, ён да канца застаўся ў сваім беларускім жыцці.

Не ведаю, ці змагу вярнуцца і калі, а таксама якой будзе тая краіна, у якую я вярнуся. Магчыма, гэтая Беларусь падасца мне яшчэ больш далёкай, чым Аргенціна, а для беларусаў у Беларусі я буду толькі турысткай (хаця мне хочацца верыць, што гэта не так). Але я разумею, што гэтыя думкі не мусяць вызначаць маё жыццё. Мой аптымізм ў тым, каб ставіць перад сабой дастаткова рэалістычныя мэты і маленькімі крокамі да іх рухацца.