Опубликовано 16 лiпеня 2024 у 14.53
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-mirror.site/news/economics/73416.html    

Для беларускіх аўтамабіляў увялі абмежаванні на ўезд у ЕС. У дэмсілах расказалі, ці закране гэта паездкі на аўтобусах

Беларускія дэмсілы дамовіліся з суседзямі пра тое, што абмежаванні на ўезд у ЕС аўтамабіляў з беларускімі нумарамі не закрануць пасажырскага руху, паведаміла кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская.

Снимок носит иллюстративный характер. Фото: TUT.BY
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: TUT.BY

Лідарка дэмсіл назвала абмежаванні на ўезд беларускіх аўтамабіляў у ЕС «паспешлівым і шкодным рашэннем»:

— У першую чаргу гэта б’е па людзях, а не па рэжыме Лукашэнкі. Таму вядзецца актыўная праца над тым, каб дабіцца змены гэтага рашэння. Мы кантактуем з Польшчай, Літвой і Латвіяй — і даказваем неабходнасць зрабіць выключэнне для беларусаў, якія заязджаюць у ЕС на сваіх аўто.

Паводле яе, на сёння ёсць дамоўленасць, што абмежаванні не закрануць пасажырскага транспартнага руху. Акрамя таго, беларусы, якія жывуць у Еўрасаюзе, атрымаюць магчымасць перарэгістраваць свае аўтамабілі на еўрапейскія нумары.

— Але мы разумеем: гэтае паслабленне ўсё роўна не вырашыць праблемы мабільнасці беларусаў. Мяжа з ЕС — гэта мяжа са свабодным светам. Яна мусіць быць адкрытая для беларусаў, якія не падтрымліваюць рэжым і бачаць будучыню сваёй краіны ў Еўропе. Мы будзем абараняць інтарэсы беларусаў, — дадала Ціханоўская.

Як расказаў дарадца палітыка Франак Вячорка, цяпер дэмсілы просяць адкласці рэалізацыю рашэння пра абмежаванне на ўезд беларускіх аўто ў Польшчы, Літве і Латвіі.

— Нас запэўнілі, што пасажырскі рух застанецца і забаронаў на ўезд, напрыклад, аўтобусаў не будзе, — паведаміў ён.

Нагадаем, з 16 ліпеня Латвія забараніла ўезд у краіну легкавым аўтамабілям, зарэгістраваным у Беларусі і Расіі. У сваім рашэнні латвійскія чыноўнікі спасылаюцца на «санкцыйны» рэгламент Еўрасаюза.

У МЗС Беларусі гэты крок назвалі «бесчалавечным і антыгуманным», але заявілі, што Мінск не будзе рабіць сіметрычныя захады ў адказ.

Раней Польшча перастала прапускаць на сваю тэрыторыю аўто з беларускімі нумарамі без уласніка за рулём ці ў салоне.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO