У Беларусі збіраюцца ўвесці змяненні, якія закранаюць адразу тры рынкі — валютны, рэкламны і рынак нерухомасці. Законапраект 9 чэрвеня ў першым чытанні зацвердзіў парламент, наперадзе — другое. Расказваем падрабязнасці.

Законапраектам хочуць абмежаваць пазыкі паміж фізічнымі асобамі ў замежнай валюце. Выключэнне — блізкія сваякі. Таксама ўлады збіраюцца забараніць выдаваць пазыкі насельніцтву пад заклад адзінага жылога дома, кватэры. Яшчэ адно магчымае змяненне — увесці абмежаванні па штрафных санкцыях і працэнтах за карыстанне грашыма ў доўг (гаворка пра дамовы пазыкі паміж фізічнымі асобамі).
Чыноўнікі таксама хочуць забараніць індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам, якія не займаюцца мікрафінансавай дзейнасцю, выдаваць крэдыты фізічным асобам. Выключэнне хочуць зрабіць для пазык, якія наймальнікі выдаюць сваім работнікам.
Таксама ўлады збіраюцца ўвесці забарону «на выкарыстанне ў рэкламе рэкламадаўцаў, якія не з’яўляюцца мікрафінансавымі арганізацыямі, у тым ліку ў іх назвах, словаў „пазыка“, „мікрапазыка“, „мікрафінансаванне“, „грошы ў доўг“ або вытворных ад гэтых словаў», — паведамілі ў парламенце.
«Такія меры дазволяць павысіць давер насельніцтва да банкаў і іншых фінансавых арганізацый, знізіць пазыковую нагрузку на спажыўцоў, забяспечыць абарону іх правоў і законных інтарэсаў», — адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў.
«Людзі ўсё часцей звяртаюцца да выкарыстання пазыковых сродкаў, крэдытаў для вырашэння сваіх надзённых пытанняў. І, вядома, дзяржава павінная рабіць неабходныя захады для таго, каб грамадзяне не трапілі ў фінансавую кабалу», — адзначыў старшыня парламента Ігар Сяргеенка.
Дэпутаты зацвердзілі ў першым чытанні прапанаваныя новаўвядзенні. Далей законапраект мусіць прайсці другое чытанне, потым пайсці на разгляд у Савет Рэспублікі, а потым — на стол Аляксандра Лукашэнкі.
Чытайце таксама